Фільм “Хаціка – найлепшы сябра”

Сярод шматлікіх кінастужак пра чалавека і жывёл асаблівае месца займае “Хаціка – найлепшы сябра”. Парадаксальна, але гэта фільм менавіта пра ўнікальнага сабаку, заснаваны на рэальнай гісторыі.

Хаціка з’явіўся на свет у японскім мястэчку Акіта 10 лістапада 1923 года. Фермер вырашыў зрабіць прафесару Хідэсабура Уэна жэст ветлівасці. Ён падарыў сябру шчанюка вядомай пароды акіта-іну. Прафесар назваў сабаку Хаціка, што азначае “прыязнасць, залежнасць”.

Шчанюк вырас і стаў зусім незвычайным сабакам. Прафесар Уэна працаваў у суседнім мястэчку, куды ездзіў на цягніку. Штодня Хаціка праводзіў гаспадара на цягнік, а потым роўна а 15 гадзіне прыходзіў сустракаць на вакзал.

Аднойчы здарылася трагедыя: ва ўніверсітэце Уэна раптоўна памірае ад інсульту, так і не вярнуўшыся дадому. Хаціка, як самы верны сябра, штодня прыходзіў сустракаць свайго гаспадара. Нягледзячы на надвор’е, голад і тое, што шмат людзей хацелі прытуліць жывёлу ў сябе дома, сабака прыходзіў на вакзал на працягу дзевяці гадоў.

Ён стаў знакамітым у Японіі, а потым ва ўсім свеце дзякуючы публікацыі ў адной з найбуйнейшых газет Токіа. І невялікае мястэчка Акіта стала месцам, куды пачалі прыязджаць людзі, каб пазнаёміцца з верным Хаціка.

Каля вакзала, дзе сабака чакаў гаспадара, стаіць яго бронзавая выява. Сёння тут сустракаюцца закаханыя і сужэнцы, а гісторыя Хаціка лічыцца сімвалам безумоўнай любові і вернасці. Такой была сапраўдная гісторыя, а што ж у кінастужцы?

Аўтарам сцэнарыю кінастужкі з’яўляецца Джэфф Аберлі, а галоўныя ролі сыгралі легендарныя Рычард Гір і Джаана Ален. Гэта аказалася незвычайная гісторыя пра звычайную амерыканскую сям’ю, дзе з’явіўся маленькі шчанюк і адкрыў незвычайны свет вернасці.

Што можна ўбачыць у фільме, апроч сяброўства сабакі і яго гаспадара? Дзіўную рэч – пра каштоўнасць кожнага дня ў жыцці. Пра тое, як важна бачыць, чуць і паказваць сваю любоў тым, хто побач.

Нельга не адзначыць выдатнае музычнае аздабленне. Апроч асноўнага саўндтрэку, у кінастужцы выкарыстана музыка Баха з рознымі інструментамі – ад скрыпкі да фартэпіяна.

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку