Фільмы з Энтані Хопкінсам

Энтані Хопкінс у вобразе доктара Фрэйда

Сэр Энтані Хопкінс – акцёр, які не патрабуе прадстаўлення. Адна з найярчэйшых кіназорак канца XX стагоддзя, у свае 86 ён працягвае здзіўляць цікавымі ролямі і выдатнай акцёрскай ігрой, якая можа ўпрыгожыць любы фільм. Толькі ў гэтым годзе на беларускія экраны выйшлі дзве новыя карціны з удзелам мэтра. Пра іх мы сёння і пагаворым.

Фільм «Адно жыццё» заснаваны на рэальных падзеях і апавядае гісторыю Нікаласа Уінтана, маладога брытанскага брокера, які напярэдадні Другой сусветнай вайны ўратаваў сотні габрэйскіх дзяцей. У 1938 годзе падчас кароткага візіту ў Прагу Уінтан быў шакаваны жудаснымі ўмовамі жыцця габрэйскіх уцекачоў. Асабліва яго кранулі пакуты дзяцей, многія з якіх маглі не перажыць найбліжэйшую зіму, а калі б перажылі, то рана ці позна сталі б ахвярамі гітлераўскай агрэсіі. Не здольны застацца абыякавым, Уінтан пачынае доўгую і складаную кампанію па вывазе дзяцей у Вялікабрытанію. А тым часам улада Гітлера распаўсюджваецца з маланкавай хуткасцю і межы могуць закрыцца ў любы дзень.

Некалькі другасны адносна «Спісу Шындлера», гэты фільм перш за ўсё цікавы расказанай у ім гісторыяй, якая дагэтуль не мае шырокай вядомасці. Уражвае тут форма, каторую прымае гераічны ўчынак Уінтана. Ён не ўпадае ў сентыментальнасць, не бярэцца раздаваць ежу галодным і накрываць коўдрай бяздомных, але прымае канкрэтнае дзейснае рашэнне: вяртаецца ў Брытанію і бярэ на сябе ўвесь юрыдычны бок справы. Ён арганізоўвае збор грошай, дабіваецца выдачы візаў, шукае сотні прыёмных сем’яў і арганізуе складаны пераезд праз паў-Еўропы. Уражвае таксама і сціпласць Нікаласа, які захоўваў таямніцу гэтых падзей на працягу амаль пяцідзесяці гадоў, а калі вырашыў распавесці пра гэта свету, то толькі дзеля настаўлення будучым пакаленням. Складваецца ўражанне, што фільм існуе ў той жа логіцы. Сціплы ў сваёй мастацкай форме, ён стрымана і годна апавядае гісторыю, якая не мусіць быць забытая.

Іншы фільм – «Апошні сеанс Фрэйда» – уяўляе сабой фантазію на тэму апошніх дзён жыцця заснавальніка псіхааналізу. З гісторыі вядома, што незадоўга да смерці Зігмунд Фрэйд прымаў госця з Оксфарда. Аўтар аднайменнай п’есы, па якой і пастаўлены фільм, быццам задаецца пытаннем: як магла б выглядаць гэтая сустрэча, калі б таямнічым наведвальнікам аказаўся прафесар Клайв Стэйплз Льюіс, хрысціянскі апалагет, аўтар «Касмічнай трылогіі» і «Хронік Нарніі». Сустрэча двух мысляроў, што пачынаецца як багаслоўскі дыспут пра існаванне Бога, неўзабаве пераўтвараецца ў своеасаблівы сеанс псіхааналізу. Пры гэтым героі папераменна аказваюцца «пацыентамі» адно аднаго, выяўляючы слабасці ў пазіцыях свайго візаві. Так, вера Льюіса не ратуе яго ад панічнай атакі падчас авіяналёту, а вучэнне Фрэйда не дае яму ўбачыць, якую глыбокую залежнасць ад сябе парадзіў ён у сваёй дачкі.

Змястоўна фільм не прапануе новага погляду на ўзнятыя тэмы кахання і смерці, болю і пакутаў, веры і бязвер’я. Аўтар досыць асцярожна намячае жыццёвыя пазіцыі сваіх герояў і не ўдаецца замоцна ўглыб. Тым не менш інтэлектуальная дуэль, якая разыгрываецца на экране, уцягвае гледача ў працэс і прымушае разам з персанажамі шукаць адказы на вечныя пытанні.

З мастацкага пункту гледжання фільм даволі роўны і мог застацца незаўважаным, калі б не акцёрскі талент Хопкінса, які ўвасобіў на экране з’едлівага і саркастычнага доктара Фрэйда. Цікавай адметнасцю стужкі з’яўляецца і аркестравая кампазіцыя, якая іграе ў фінальнай сцэне. Напісаная самім акцёрам, яна яшчэ раз падкрэслівае шматбаковасць таленту славутага брытанца.

Стах Лысы

для друку для друку