Незаўважаная частка Fiducia supplicans

Нядаўняя дэкларацыя Дыкастэрыі веравучэння нарабіла шуму. Урывак пра бласлаўленне аднаполых саюзаў выклікаў цунамі меркаванняў, крытыкі ці ўхваленняў. Разам з гэтым, дакумент далей пашырае навучанне Папы Францішка адносна т.зв. “грамадзянскіх шлюбаў” ці кананічна нядзейсных сужэнстваў. Fiducia supplicans працягвае лінію Amoris Laetitia – трэба распазнаваць канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі.

Цывілізацыя разводаў

Палова сем’яў разводзіцца. Гэта лічба вагаецца ў большы ці меншы бок у залежнасці ад краіны, аднак агульны трэнд несуцяшальны: для сучаснага чалавека шлюб – гэта не пра “любіць і шанаваць цябе ва ўсе дні жыцця майго”. На гэтым фоне расце і колькасць т.зв. “грамадзянскіх шлюбаў”. Гэта не абстрактная праблема, а рэальнасць, у якой існуе сучасны Касцёл. У такіх “неўрэгуляваных параў” нараджаюцца дзеці, нярэдка яны пражываюць доўгае жыццё і сапраўды ствараюць цёплы хатні агмень. Таму, відавочна, Папа Францішак, спрабуе знайсці новы падыход у душпастырстве.

Пантыфік не імкнецца змяніць навучанне пра сужэнства і падкрэслівае ў Amoris Laetitia, што “больш важным за пастырства няўдач з’яўляецца пастырская дзейнасць, скіраваная на ўмацаванне сужэнства, што прадухіляе разводы” (307). Разам з гэтым ён шмат разважае пра тое, якія формы выключэнняў, што практыкуюцца на сённяшні дзень у літургічнай, душпастырскай, адукацыйнай, а таксама ў інстытуцыянальнай сферах, можна адмяніць.

Неабходнасць распазнання жыццёвых сітуацый

Amoris Laetitia у значнай меры была прысвечаная распазнанню. “Размова са святаром, унутранае абмеркаванне, дапамагаюць стварыць правільную ацэнку таго, што абцяжарвае магчымасць удзелу ў жыцці Касцёла, і крокаў, якія б маглі паспрыяць і развіваць” (300), – піша Францішак. Для прыкладу Папа заахвочвае “слухаць і шанаваць пакуты тых, хто перажыў несправядлівую сепарацыю, развод або пакіданне, ці быў вымушаны разарваць шлюб у выніку гвалту з боку сужэнца” (242). Amoris Laetitia поўнае такіх прыкладаў.

“Чымсьці іншым, – піша Папа Францішак, – з’яўляецца другі шлюб, які з часам умацаваўся, з новымі дзецьмі, з праверанай вернасцю, велікадушнай ахвярнасцю, хрысціянскай актыўнасцю, усведамленнем няправільнасці сваёй сітуацыі і немагчымасцю зрабіць крок назад без адчування ў сумленні, што можна набыць новую віну. Іншай рэччу з’яўляецца новы шлюб, заключаны пасля нядаўняга разводу, з усімі наступствамі разводу, з усімі наступствамі цярпення і знішчэння, якія закранаюць дзяцей і цэлыя сем’і, або сітуацыі кагосьці, хто шматразова не выконваў сваіх сямейных абавязкаў” (298) .

“Камунія для разведзеных”

Кс. Тадэвуш Задыковіч, аналізуючы Amoris Laetitia ў гродзенскім часопісе “Studia Theologica Grodnensia”, фармулюе адзін з найважнейшых пасылаў адгартацыі: “Распазнанне можа прывесці да сцвярджэння, што гэта канкрэтная асоба, якая знаходзіцца ў так званай “нерэгулярнай сітуацыі”, не жыве ў стане смяротнага граху і не пазбаўленая асвячальнай ласкі”. Гэта месца ў дакуменце многімі было ўспрынятае як дарога да “камуніі для разведзеных”, таму распазнанне ў гэтай справе Папа пакінуў для біскупаў. “Касцёл у аніякім выпадку не можа адрачыся ад прапановы поўнага ідэалу сужэнства”, – дадаў Пантыфік.

Менавіта ў гэтым разрэзе Fiducia supplicans з’яўляецца ідэйным працягам важнасці распазнання ў душпастырстве. Дакумент Дыкастэрыі веравучэння заахвочвае да распазнання і бласлаўлення “нерэгулярных пар”, якія пра гэта просяць. “Таму нават калі вашы адносіны з Богам азмрочаныя грахом, вы заўсёды можаце папрасіць бласлаўлення”, – пішацца ў Fiducia supplicans. Разам з гэтым “тое, што з’яўляецца часткай практычнага распазнання ў канкрэтнай сітуацыі, не можа быць узведзенае да ўзроўню нормы”, таму што гэта “прывяло б да невыноснай казуістыкі”.

Абцяжараныя распазнаннем

Fiducia supplicans – гэта чарговы крок у бок адыходу ад шаблоннасці ў інтэрпрэтацыі складаных і часта драматычных людскіх сітуацый. Распазнанне патрабуе ад душпастыраў паглыблення ў кантэкст жыццёвых лёсаў, слухання і зразумення. Аднак, падаецца, ключавое тут усё ж такі “распазнанне патрабуе”. Пры гэтым патрабуе яно і ад душпастыра, і ад чалавека. Бласлаўленне, якому прысвечана Fiducia supplicans, патрабуе размовы пра няпростыя асабістыя рэчы, а найчасцей вельмі балючыя і не такія ўжо адназначныя.

Папа прапаноўвае не факусавацца на ўтрэсеных і “чорна-белых” ацэнках, безадказным скіраванні чалавека ў касцельны суд ці балючым дыягназе “некананічнага сужэнства”, а быць побач з чалавекам. “Кожнае бласлаўленне будзе магчымасцю для новага абвяшчэння керыгмы”, – падсумоўвае дэкларацыя.

Арцём Ткачук

для друку для друку