«Пакінулі ўсё і пайшлі за Ім!»: 25 гадоў манаскіх абяцанняў адзначылі сёстры салезіянкі с. Ірына Барцэвіч і с. Люцыя Бальцэвіч

14 кастрычніка 2023 года ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля дзякавалі Богу за 25-годдзе з часу прынясення манаскіх абяцанняў с. Ірыны Барцэвіч FMA і с. Люцыі Бальцэвіч FMA, за іх вернасць і адданасць у апостальскай працы на карысць Касцёла і моладзі. “Дзякуй Табе, Пане, што Ты мяне выбраў!” – словы гэтага дэвіза вельмі яскрава перадаюць настрой і сэнс святочнай Эўхарыстыі.

Для ўсіх прысутных гэты дзень быў таксама магчымасцю задумацца над сваімі абяцаннямі, дадзенымі Богу падчас розных сакрамантаў, і яшчэ раз аднавіць гатоўнасць выканання гэтых абяцанняў з верай і любоўю.

Святочную Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх зазначыў, што важна не баяцца адказаць на Божы заклік выплыць на глыбіню, як зрабілі юбіляркі. Біскуп Юрый падкрэсліў, што вельмі важна давяраць Богу: “Сёння таксама Бог кліча, але моладзь баіцца зрабіць першы крок, як гэта зрабілі дзве маладыя дзяўчыны Люцыя і Ірына шмат год таму. І сёння мы дзякуем за іх пакліканне і маем радасць з таго, што яны шчаслівыя сёстры салезіянкі”.

Важным момантам Імшы быў акт аднаўлення манаскіх абяцанняў, падчас якога былі прамоўлены словы: “Божа, Ойча, Ты асвяціў мяне праз хрост і цяпер моцай Твайго Духа клічаш мяне бліжэй ісці за Езусам Хрыстом, каб яшчэ глыбей удзельнічаць у Яго збаўчай місіі ў Касцёле…”. Пасля сёстры з рук біскупа атрымалі запаленую свечку, знак святла Хрыста і знак вернага чування, кажучы: “Няхай твая лямпа гарыць заўсёды, на чыстым падсвечніку, ад вечара да раніцы, перад Панам, у вечнай падзяцы” (пар. Ляв 24, 3-4).

sdb.by
Фота: Вікторыя Крыстал

для друку для друку