Разважанне на ХХІIІ звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 18, 15–20

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу. А калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.

Супольнасць вернікаў, як і сам чалавек паасобку, не заўсёды цалкам дасканалая і ўзорная — у ёй могуць быць падзелы, супярэчнасці і нават грахі. Урывак з сённяшняга Евангелля прыводзіць паказальны выпадак і прыклад ці мадэль таго, якім чынам павінны вырашацца праблемы ў хрысціянскім грамадстве: “калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова”.

Прымірэння трэба шукаць і да яго імкнуцца любым коштам. Прымірэнне ў супольнасці мае вялікае значэнне, таму што ад яго залежыць дзейснасць і моц малітвы, якая зыходзіць з гармоніі супольнасці, дзе прысутнічае Езус і яднае супольнасць у адзін розум і адно сэрца, “бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”.

Братэрскае настаўленне, узаемная любоў і супольная адказнасць з’яўляюцца асновай супольнасці і камунікацыі паміж людзьмі ды Богам. Гэтая камунікацыя патрабуе ад верніка сапраўднай пакорнасці, якая дазваляе і робіць яго здольным як прабачаць, так і прасіць прабачэння.

Разважанне падрыхтаваў кс. доктар Сяргей Сурыновіч

для друку для друку