Разважанне на ХІV звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 11, 25–30

У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан  неба  і  зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.

У сённяшнім Евангеллі мы чуем наказ Езуса: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”. Гэтыя словы Збаўцы скіраваныя да кожнага чалавека без выключэння! У часы Хрыста яны прагучалі да суайчыннікаў, якіх Настаўнік сустракаў кожны дзень падчас сваёй публічнай дзейнасці: бедных і галодных, хворых і апантаных, зладзеяў і грэшнікаў, а асабліва ўсіх тых, якія знаходзіліся на перыферыі грамадства, кім грэбавалі і пагарджалі. Словы Езуса, што даюць надзею, скіроўваюцца праз тысячагоддзі і да кожнага з нас: “прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”.

Езус абяцае, што дасць суцяшэнне ўсім, але заахвочвае нас, прамаўляючы нібыта запаведзь: “Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам”. Кожны з нас пакліканы ўзяць на сябе ярмо Хрыста, якое палягае на тым, каб з любоўю ўзяць на сябе цяжар клопатаў, турбот, праблем і цярпенняў бліжняга. Атрымаўшы падтрымку і суцяшэнне Хрыста, мы пакліканы са свайго боку стаць падтрымкай і суцяшэннем для братоў праз лагоднае і пакорнае стаўленне да іх, праз духоўную і матэрыяльную падтрымку, праз прыклад і сведчанне, наследуючы Хрыста. Лагоднасць і пакора сэрца дапамагаюць нам не толькі ўзяць на сябе цяжар іншых, але і не абцяжарваць іх нашымі асабістымі поглядамі на жыццё, стаўленнем  да той ці іншай сітуацыі ды крытыкай або ўвогуле абыякавасцю.

Будзем прасіць Багародзіцу, Найсвяцейшую Панну Марыю, навучыцца прымаць з любоўю і сардэчнасцю ўсіх стомленых і спакутаваных, каб праз веру і вернасць словам Збаўцы мы маглі стаць палёгкай для ўсіх тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, суцяшэнні і надзеі.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку