У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Кожны год з надыходам Папяльцовай серады мы распачынаем перыяд Вялікага Посту, прызначэнне якога — не толькі нагадаць нам пра муку, смерць і ўваскрасенне Хрыста, але і падрыхтаваць нас да грунтоўнага і плённага перажывання гэтага часу. Пад плённым перажываннем маецца на ўвазе усведамленне найвялікшай ласкі і дару ад Бога, прапанаваныя Ім для нашага навяртання, духоўнага ўзрастання і святасці. Гэты час прадвызначаны Божым Провідам для таго, каб мы змаглі яшчэ раз грунтоўна ўсвядоміць — ахвяра Збаўцы адбываецца і рэалізуецца ў кожнай хвіліне нашага жыцця, Хрыстус проста зараз церпіць і памірае за адкупленне свету і кожнага з нас асабіста.
Сённяшняе Евангелле, якое з’яўляецца часткаю Хрыстовага Казання на Гары, не толькі заклікае нас да міласціны, малітвы і посту, але акрэслівае і апісвае іх глыбінны сэнс і характар.
Малітва, рэгулярная і засяроджаная на еднасці з Богам — першы і галоўны абавязак верніка. Сённяшняе Евангелле прапаноўвае нам дасканалы ўзор малітвы — глыбокай, унутранай, шчыра і прыватным чынам звернутай непасрэдна да Бога. Малітва павінна займаць найважнейшае месца ў жыцці верніка. Малітва — гэта сувязь любові, якая стварае інтымны саюз паміж Богам і чалавекам, дазваляе на чулую даверлівую размову і напаўняе вялікай унутранай радасцю чалавека, што моліцца. Малітва — гэта фундамент і аснова хрысціянскага жыцця.
Пост — гэта не толькі абмежаванні ў ежы, але і вырачэнне чалавека ад негатыўных схільнасцяў і залежнасцяў, гатоўнасць парваць з грахом, благімі звычкамі, абмежаваць патрэбы ўласнага камфорту і выгодаў, дзеля ўласнага ачышчэння і ўдасканальвання, што заслугоўвае сапраўднай узнагароды Айца. Такі Пост дапаможа навесці парадак ва ўласным сэрцы, дасць плён на карысць перамены чалавека на добрае, раскрые яго сэрца на Божую ласку і любоў.
Міласціна даецца не таму, што яе прагнуць бедныя людзі. Чын міласціны — далікатны і споўнены клопату акт справядлівасці да бліжняга, час пасвячэння сябе бліжняму, чын любові і сардэчнасці. Служэнне бліжнім — акт любові, што ўзвялічвае чалавечую вартасць. Кожны добры ўчынак, неабходны дзеля таго, каб у поўнай меры насыціць нашае жыццё (пар. Тоб 12, 9) сапраўдным хрысціянствам. Па-сапраўднаму дацаніць годнасць іншага чалавека — гэта ўбачыць ў ім вобраз Хрыста, якога вучнямі і паслядоўнікамі з’яўляемся. «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Перыяд Вялікага Посту — напамін верніку пра абмежаванасць яго жыцця, якое з’яўляецца бесперапыннай вандроўкай да жыцця вечнага. Час Посту — своеасаблівыя дзверы, расчыненыя для нас у чарговы раз Божай любоўю і міласэрнасцю. Уваход у гэтыя дзверы праз малітву, пост і міласціну — яшчэ адзін шанец да не скажонага, сапраўднага жыцця ў Богу і павелічэння хрысціянскіх цнотаў. Выкарыстаем жа яго!
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
