Разважанне на VII звычайную нядзелю. год А. 19 лютага

Евангелле Мц 5, 38–48

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Што значыць выраз “вока за вока і зуб за зуб”?

У сённяшнім Евангеллі Езус цытуе адзін закон з кнігі Левіта 24 раздзел 20 верш. Падаецца нам, што гэта быў вельмі суровы закон. Напісана там далей: “Хто ўчыніць пашкоджанне на целе бліжняга свайго, таму належыць учыніць тое ж, што ён зрабіў” (пар. Лев 24,19), што з’яўляецца для сучасніка і веруючага чалавека не толькі не зразумелым, але нават згаршэннем.

На самой справе закон Старога Запавету “вока за вока і зуб за зуб” у свой час стаўся вельмі вялікім крокам у напрамку літасцівасці і міласэрнасці адносна абвінавачанага. У параўнанні з жорсткімі звычаямі навакольных народаў гэтае прадпісанне было рэвалюцыйным і дастаткова прагрэсіўным. Закон “вока за вока і зуб за зуб” быў супрацьлегласцю страшнага звычаю крэўнай помсты, якая магла цягнуцца без вызначана часу і ніколі не спынялася, адносілася не толькі да самога абвінавачанага, але і да яго родных і блізкі.

Стары Запавет вызначыў, што мера пакарання не павінна перавышаць меры віны, а пасля справядлівага пакарання закон быў на баку абвінавачанага, забараняючы любога роду помсту не толькі ў адносінах да яго, да сваякоў і нашчадкаў, што мела месца раней.

Тое, што на першы погляд здаецца нам суровым, несправядлівым і бязлітасным, акрутным і пачварным, у свой час было вялікім прасоўваннем да справядлівасці. Божы провід, відавочна, у той час не мог патрабаваць ад людзей, у пэўных гістарычных і культурных абставінах, разумення сапраўднага прабачэнне і бескарыслівай любові ў катэгорыях Добрай Навіны і вучэння Хрыста. Яны проста не былі гатовы да гэтага. Тым не менш Бог пасоўвае чалавека на адзін крок наперад, скасоўваючы закон помсты законам справядлівасці. Тое ж сёння робіць і Хрыстус, заклікаючы нас рушыць наперад, прыслухаўшыся да Яго закліку і вучэння: “будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку