Хто той святар, якому перад смерцю Бэнэдыкт XVI падарыў сваю піуску?

За некалькі дзён да смерці Бэнэдыкт XVI падарыў гэтаму святару сваю піуску. Хто ён? Даведайцеся пра яго гісторыю тут.

Аляксандар Івашчонак — беларускі святар з Глыбоччыны (Віцебская дыяцэзія), які атрымаў у падарунак ад папы Бэнэдыкта XVI піуску. 13 снежня 2022 г. законнікі Тэатынскага ордэна рэгулярных клерыкаў атрымалі гэты дар ад Папы-эмерыта праз свайго асабістага сакратара біскупа Георга Гэнсвайна. Выданне Desde la fe паразмаўляла з а. Аляксандрам падчас пахавання Пантыфіка-эмерыта.

Я стаў святаром дзякуючы Бэнэдыкту XVI

Вестка пра смерць Папы Бэнэдыкта XVI 31 снежня ўскалыхнула ўвесь каталіцкі свет і асаблівым чынам закранула ўсю маю асобу, у тым ліку і эмацыйна, бо перадусім дзякуючы яму я стаў святаром. Усведамленне таго, што самы выбітны Чалавек нашага стагоддзя пакінуў нас, глыбока і адчувальна ўзрушыла мяне, і проста бачачы, як у велізарным акіяне болю столькі людзей выказвае сваё захапленне і ўдзячнасць за дар жыцця Ёзафа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Тэолаг, прафесар, арцыбіскуп, кардынал, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння і, нарэшце, Папа Рымскі – быў для мяне велізарным духоўным суцяшэннем.

19 красавіка 2005 года, у дзень абрання кардынала Ратцынгера, мне было амаль 17 гадоў, і я рыхтаваўся да паступленне ў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве ў Польшчы. У той момант мяне прывабіла гісторыя, і я ўжо бачыў сябе ў найбліжэйшай будучыні настаўнікам гісторыі ці архівістам. Аднак той канклаў нечакана назаўжды змяніў маё жыццё.

Смерць святога Яна Паўла ІІ вельмі моцна перажывалася ў маёй сям’і. Я памятаю, што аж да пахавання мы перажывалі жалобу, праўдзівую і належную, нібы страцілі дарагога члена сям’і. Як толькі пахавалі Папу-паляка, мая бабуля расставіла выявы Вайтылы па ўсім доме, паставіўшы іх сярод святых, і сказала нам, што з гэтага моманту трэба маліцца не аб вечным супакоі, а да святога Яна Паўла ІІ. Гэта быў вельмі моцны рэлігійны вопыт.

І з той жа ўвагай, з якой я сачыў за пахаваннем Папы-паляка, я сачыў за канклавам, які абраў нямецкага Пантыфіка, стаўшы Папам маёй маладосці. І менавіта пад кіраўніцтвам Бэнэдыкта XVI пачаўся мой духоўны і інтэлектуальны шлях.

Першы раз я ўбачыў Бэнэдыкта XVI

Упершыню я ўбачыў Бэнэдыкта XVI падчас яго візіту ў Польшчу – гэта была пятніца 26 мая 2006 г. перад Імшой у 9.30, якая цэлебравалася на плошчы Ю. Пілсудскага ў Варшаве. Папа з класічнай нямецкай пунктуальнасцю, за 10 хвілін загадзя, прайшоў сярод вернікаў, каб прывітаць іх.

Будучы тады маладым студэнтам, я прадбачліва апынуўся каля агароджы, і таму, калі папамабіль праязджаў міма, нашы позіркі сустрэліся: мой і Святога Айца. Я ніколі не забуду тое пачуццё, што нарэшце змог убачыць Папу зблізку, а не толькі па тэлебачанні; радасць і захапленне напоўнілі маё сэрца, а яшчэ больш — неапісальнае здзіўленне, гледзячы на ​​яго сонечны і светлы твар у той пахмурны і дажджлівы дзень. Для маладога 18-гадовага хлопца гэта быў незабыўны вопыт.

З гэтага моманту я палюбіў Папу Бэнэдыкта XVI – “майго Папу”! Не было гаміліі, «Анёла Панскага», апостальскага падарожжа ці кнігі Папы Ратцынгера, якіх я не чытаў! Кожны дзень я ўмацоўваўся ў жаданні быць салдатам у войску Бэнэдыкта XVI, якога я ўжо лічу Доктарам Касцёла, таму што ён даў нам адкрыць і адкрыў велізарную глыбіню і прыгажосць нашай хрысціянскай веры. Без Папы Ратцынгера я не быў бы тым, кім з’яўляюся сёння як чалавек і хрысціянін.

Такім чынам, пасля заканчэння вывучэння гісторыі і архівазнаўства я ўступіў у Тэатынскі ордэн рэгулярных клерыкаў, заснаваны святым Каетанам у 1524 годзе з мэтай рэфармавання духавенства. Некалькі разоў, жывучы тут, у Італіі, у Неапалі, я ўдзельнічаў у малітве «Анёл Панскі» і ў цэлебрацыях, якія ўзначаліў Папа, два з якіх пакінулі асаблівае ўражанне.

Два выдатныя ўспаміны Бэнэдыкта XVI

Першай была беатыфікацыя Яна Паўла ІІ, якая адбылася 1 мая 2011 г. – як малады польскі семінарыст я не мог прапусціць гэтую ўрачыстасць. Гамілія і само абвяшчэнне святым Папы Вайтылы Бэнэдыктам XVI мяне глыбока ўразіла. Памятаю, як людзі на плошчы казалі:«Гэты Папа таксама святы і сціплы!»

Другой стала апошняя сустрэча з духавенствам Рыма, якая адбылася 14 лютага 2013 г. у зале Паўла VI. Памятаю працяглыя апладысменты прысутных і айцоўскую прыхільнасць Папы да нас, яго словы, якія прагучалі для мяне як своеасаблівае папярэджанне, застаюцца ў сэрцы. Усе мы, семінарысты і святары, адчувалі сябе яго любімымі, дарагімі дзецьмі, памятаю, што многія з нас плакалі ў тым пакоі, як дзеці, разлучаныя з Айцом. Гэта быў вопыт, ад якога да гэтага часу ў мяне дрыжыкі.

Тры падарункі

Найвялікшым дарам, які я мог атрымаць, было маё прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае 16 ліпеня 2017 г. біскупам Георгам Гэнсвайнам, асабістым сакратаром Папы і прэфектам Папскага дома, пасвечаным Бэнэдыктам XVI у біскупы 6 студзеня 2013 г. У мяне не хапае слоў, каб выказаць сваю радасць і ўдзячнасць біскупу Георгу за прывілей атрымаць прэзбітэрскае пасвячэнне дзякуючы ўскладанню яго рук. Уся ўрачыстасць майго пасвячэння таксама ўспрымалася як шчырая даніна ўдзячнасці Пантыфікату Бэнэдыкта XVI.

З гэтай нагоды праз арцыбіскупа Гэнсвайна я атрымаў у падарунак кнігу «Тэалогія літургіі» з прысвячэннем Папы Бэнэдыкта XVI, што сімвалічна стала вянком майго станаўлення як святара ў школе Ратцынгера. Можна толькі ўявіць, што адчуваў бы неапрэзбітар, атрымаўшы такі падарунак.

13 снежня 2022 г. з нагоды ўрачыстасці Святой Люцыі, за некалькі дзён да таго, як Бэнэдыкт XVI пакінуў гэты свет, я атрымаў яшчэ адзін падарунак — белую піуску папы Ратцынгера. Гэты дар быў сапраўдным азарэннем, ён адкрыў мне вочы, каб убачыць 31 снежня 2022 г. духоўным чынам, як дзень нараджэння Вялікага святога, Доктара Касцёла.

Сапраўды, шмат людзей, якія сабраліся ў базыліцы святога Паўла Вялікага ў Неапалі, хацелі ўшанаваць гэтую «рэліквію» «Папы пакоры»: так яго называюць вернікі. І я таксама, паводле навучання і прыкладу маёй бабулі, выставіў у сваім пакоі выявы памерлага Пантыфіка сярод святых, давяраючы свае інтэнцыі і інтэнцыі вернікаў заступніцтву «Святога» Бэнэдыкта XVI.

Развітанне з Папам Ратцынгерам

Акрамя таго, я меў ласку маліцца перад целам Пантыфіка, выстаўленым у базыліцы святога Пятра, і што больш за ўсё прыцягнула маю ўвагу, гэта пабожная і пастаянная прысутнасць біскупа Георга, які з надзвычайнай пакорай і выключнай сардэчнасцю, хоць і паглыблены ў малітву, змог заўважыць слёзы вернікаў, якія плакалі па Бэнэдыкту XVI. Многія кардыналы, палітыкі, законнікі і свецкія выказваюць свае спачуванні біскупу Георгу, сакратару semper fidelis. Я з вялікім клопатам захоўваю ў вачах гэтыя вобразы святарскага сяброўства і сяброўскай вернасці, якія не знікаюць нават перад абліччам смерці.

5 студзеня 2023 г. я таксама змог канцэлебраваць пахавальную Імшу. Я быў вельмі крануты, убачыўшы, што палова плошчы занятая святарамі, і я не забуду вокліч аднаго са святароў, калі цела Ратцынгера неслі ў базыліку: “Дзякуй Бэнэдыкту!” і тыя працяглыя апладысменты святароў.

Уся плошча казала «Santo subito!». Ніколі ў жыцці я так не сугучаў з натоўпам, як тады. Пасля цырымоніі, калі сыходзіў з плошчы, я сустрэў шмат маладых італьянцаў, палякаў, немцаў і іншых, якія неслі транспаранты з надпісамі, такімі як: «Santo subito», «Доктар Касцёла», «Бэнэдыкт XVI Вялікі». Усё гэта напоўніла мяне такой радасцю, што перамяніла тую цёмную раніцу, ахутаную туманам.

Бэнэдыкт XVI па-ранейшаму прысутнічае сярод нас

Цяпер я маю вялікі гонар і цяжар сведчыць аб магістэрыі Бэнэдыкта XVI, Папы маёй маладосці, без якога, як я ўжо заўважыў, я ніколі не быў бы святаром.

Такім чынам, маё святарства непарыўна звязана з Бэнэдыктам XVI, таксама сакрамэнтальна, відавочна, праз біскупа Георга, якога я асабіста вельмі шаную за яго самаадданасць, вернасць і ўсе яго ахвяры, прынесеныя ў гонар Касцёла на працягу гэтых 20 гадоў побач з Ратцынгерам. І асабіста я лічу, што дзякуючы арцыбіскупу Гэнсвайну Бэнэдыкт XVI усё яшчэ прысутнічае сярод нас.

Падчас пахаванняў на плошчы Святога Пятра я неаднаразова чуў гэтую фразу: «Бэнэдыкт XVI быў Папам святароў». І гэта праўда, і ў якасці сведчання і пацверджання я раблю выснову, што Бэнэдыкт XVI быў і застаецца Папам майго святарства.

Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку