Разважанне на XXIV Звычайную Нядзелю. Год С. 11 верасня

Евангелле Лк 15, 1–10

У той час:

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.

Адказваючы на пытанне Езуса: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? — многія б сёння адказалі, што ніхто так не зробіць. Сапраўды, эканамічна не мэтазгодна было б пакідаць увесь статак авечак дзеля пошуку адной зніклай. Аднак, так думае чалавек. Думкі ж Бога зусім іншыя. Святая Кацярына Сіенская аднойчы сказала, што Бог — вар’ят любові. Яна мела на ўвазе, што Бог любіць кожнага чалавека так, як быццам бы той быў адзін у сусвеце.

Калі наш Бог такім чынам адносіцца да людзей — згубленых авечак, то тым больш нам, ягоным вучням трэба пераймаць Яго прыклад. Замест асуджэння няхай будзе зразуменне, замест абгавораў – працягнутая далонь дапамогі. Згубленая авечка менавіта таму патрабуе дапамогі, што яна не ў стане сама сабе дапамагчы. Ёсць такія пасткі ў жыцці, адкуль самому выбрацца надзвычай складана. Таму такой каштоўнай з’яўляецца малітва аб навяртанні грэшнікаў. Калі мы ўспамінаем у малітве такіх людзей, то напаўняем неба новымі святымі. Праз нашую малітву хтосьці можа навярнуцца з грэшнага жыцця і стаць на шлях выпраўлення.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку