Цярновы вянок з… анёлаў? Што меў на ўвазе Батычэлі

Карціна Батычэлі «Ecce Homo» была створана ў канцы XV ст. Мастак вырашыў намаляваць над галавой Хрыста, увянчанай цярновым вянком, незвычайныя элементы.

Калі прыгледзецца да іх, то можна заўважыць, што іх сімволіка цалкам адпавядае мукам Збаўцы.

«Менавіта такімі асаблівымі карцінамі, як гэтая, Батычэлі захапляе нас», — кажа Джордж Вахтэр, прэзідэнт амерыканскага падраздзялення акцыянернага дома Sotheby’s. У пачатку 2021 года ў Нью-Ёрку адбыўся аўкцыён гэтай унікальнай карціны Батычэлі, якая на той момант яшчэ была на рынку твораў мастацтва; яна ацэньвалася ў 40 мільёнаў даляраў.

«Ecce Homo» Батычэлі

Карціна ўяўляе Хрыста — чалавека болю, адразу пасля бічавання, увянчанага цернямі і судом перад Пілатам. Смутак і дэпрэсія на твары Езуса пагаршаюць трагізм набліжэння Мукі. Аднак дзіўна, што вакол галавы Збаўцы лётае дзясятак анёлаў. Што яны там робяць?

Адказ даюць прадметы, якія трымаюць анёлы: лесвіца, дзіда, цвікі, губка… Кожны з іх трымае прылады Мукі. Над галавой Хрыста Батычэлі намаляваў крыж, які нібы карануе Збаўцу. Інструменты, змешчаныя на палатне, нагадваюць дасканалую ахвяру, да якой рыхтуецца Хрыстус. Яны таксама запрашаюць да разважання. Сумны позірк Езуса прадказвае трагедыю Галгофы, а скрыжаваныя рукі на грудзях падкрэсліваюць збаўленчае вымярэнне Мукі.

Ecce Homo, Botticelli

Анёлы вакол Хрыста

За гэтым вельмі кранальным і, хутчэй, нетыповым для Батычэлі вобразам стаіць жывая духоўнасць, якая характарызуе творчасць мастака ў апошнія гады яго жыцця. Тады на яго паўплываў фларэнтыйскі прапаведнік і рэфарматар Джыралама Саванарола, які ў сваіх палымяных пропаведзях асудзіў злоўжыванні Касцёла. Батычэлі падзяляў яго погляды і адышоў ад міфалагічных і паэтычных тэм, да якіх звычайна звяртаўся, на карысць больш аскетычных матываў.

Карціна «Ecce Homo» Батычэлі выстаўлялася ў Лондане, Лос-Анджэлесе і Дубаі. Затым яна вярнулася ў Нью-Ёрк, дзе была выстаўлена на аўкцыён 27 студзеня 2021 года і прададзены за 45,5 млн даляраў.

Пераклад Марыны Сінкевіч
Паводле матэрыялаў Aleteia

для друку для друку