Разважанне на 20 звычайную нядзелю. Год А. 16 жніўня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 15, 21–28

У той час:

Езус выйшаў і скіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось жанчына з Ханаана выйшла з тых ваколіц і пачала крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам.

Але Езус не адказаў ёй ні слова. Тады вучні Ягоныя падышлі і прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля.

Яна ж падышла, пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне. Ён сказаў у адказ: Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай.

Езус увайшоў у ваколіцы Тыра і Сідона. Гэта гарады на беразе Міжземнага мора, дзе пражывалі пераважна людзі паганскага паходжання. Слава пра Езуса, пра Яго цуды і аздараўленні ішла наперадзе, перад ім. Не дзіўна: жанчына з Ханаана ўяўляла, што Езус – гэта Той, Хто мае моц вызваліць ад любой бяды. Аднак на яе шматлікія просьбы Езус ніяк не рэагаваў. Нават вучням надакучыла слухаць крыкі гэтай жанчыны.

Што кранае ў гэтай гісторыі? Напэўна, вера гэтай жанчыны. Яна не пытаецца ў Хрыста, ці можа Ён ёй дапамагчы. Яна адразу звяртаецца з просьбай, таму што перакананая ва ўсемагутнасці Збаўцы. Жанчына тройчы звяртаецца да Езуса, называючы Яго Госпадам. Калі Езус маўчыць, калі прыводзіць ёй свой контраргумент, што Ён пасланы толькі да людзей Ізраэля, нават калі Ён параўноўвае сітуацыю з людзьмі і шчанятамі, жанчына не абражаецца. Гэта сведчыць пра яе пакору. Урывак з Евангелля нагадвае нам, што важныя тры крытэрыі малітвы-просьбы. Гэта вера, пакора і настойлівасць.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку