Беларусь у “святых” гербах: Адэльск

Ад другой паловы ХІХ ст. герб Адэльска не меў у сабе хрысціянскіх сімвалаў. Мястэчка чакала доўгія дзесяцігоддзі, калі на выяву герба вярнуўся старадаўні апякун – святы Антоні Падуанскі.

Замала маем гістарычных звестак, каб адназначна сцвердзіць прычыну, па якой святы Антоні стаў апекуном Адэльска. Грамата аднаўлення прывілею карыстання гербам з выявай Антонія, аўтарства апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста, не можа нам падказаць адказ на гэтае пытанне.

Антоні ад моманту абвяшчэння святым быў адным з найбольш папулярных у Каталіцкім Касцёле. За сваё нядоўгае зямное жыццё ён праславіўся незвычайным дарам казанняў. Адукацыя, эрудыцыя і дар Божы зрабілі з яго найлепшага прапаведніка Еўропы. Антоні быў названы пагрозай для ерэтыкоў за сваё ўменне абараняць веру.

На гербе ён паказаны ў карычневым габіце закону францішканаў. Хаця сваё законнае жыццё пачынаў у аўгустыянаў. Змяніць супольнасць Антонія заахвоціла сустрэча з групай пяці францішканаў, якія ішлі прапаведаваць Евангелле ў далёкае Марока, дзе і загінулі мучаніцкай смерцю. Антоні асабіста ніколі не быў у Марока і не змог там памерці дзеля Хрыста, як марыў.

Чалавек неймаверных здольнасцей, ён тры гады пісаў нядзельныя і святочныя казанні для Папы Грыгорыя ІХ. Прапаведаваў часта на вуліцы, а не ў храмах, бо святыні не змяшчалі ахвотных яго пачуць.

На гербе Адэльска Антоні адлюстраваны так, як часта паказаны на абразах: з Дзіцяткам Езусам. Гэта адгалосак легенды пра тое, што Маленькі Езус прыходзіў да Антонія і заклікаў яго казаць пра любоў Божую. Разгорнутая кніга сімвалізуе яго любоў да Святога Пісання, якое ён вывучаў ва ўніверсітэтах і самастойна. Лілія – хрысціянскі сімвал цялеснай і духоўнай чысціні.

Цікава, што пасля смерці Антонія праз яго заступніцтва за год здзейснілася столькі яўных цудаў, аздараўленняў (папская камісія пацвердзіла пяць аздараўленняў паралізаваных, сем выпадкаў вяртання зроку, тры глухія вярнулі слых, двое нямых атрымалі дар мовы; больш за тое: пацверджаны два выпадкі ўваскрашэння памерлых), што Папа праз 352 дні пасля смерці абвясціў Антонія святым! Гэта адзін з найбольш хуткіх кананізацыйных працэсаў у гісторыі Касцёла.

а. Андрэй Сідаровіч МІС

для друку для друку