Святы, які плакаў сам і змушаў плакаць іншых

20 жніўня Каталіцкі Касцёл успамінае святога Бернарда з Клерво (1090-1153).

“Што гэта? Што здарылася?” – Такое пытанне маглі задаваць жыхары Бургундзіі і навакольных рэгіёнаў на пачатку 12 стагоддзя. Чаму чутны плач на вуліцах? Чаму лямантуюць і заломваюць рукі жанчыны розных узростаў. Гэта плач па памерлых? Гэта чума наведала горад? Можа, нейкае іншае, раней не сустраканае няшчасце прыйшло на зямлю? А можа, гэта другое прышэсце Хрыста? Адказ, які даюць сярэднявечныя хронікі, больш празаічны: у горад прыйшоў Бернард з Клерво!

Назіранні за жыццём святых дазваляюць нам нанова адкрываць праўду, што вера – гэта неймаверная сіла! Часта неакрэсленая, якая не паддаецца разумоваму вымярэнню ці логіцы, менавіта яна, вера, “пераносіць горы”. Бернард з Клерво – гэта жывы доказ веры практычнай, дзейснай, жывой. Народжаны ў сям’і бургундскага двараніна, ён не пагадзіўся з прызначанай роляю рабіць кар’еру пры двары мясцовага валадара і перайшоў у кляштар манахаў-цыстэрцаў у Сіто. Ужо тады за Бернардам пайшлі чатыры браты і яшчэ дваццаць пяць сяброў(!) Таму не выклікае здзіўлення, што біёграфы апісваюць, як маладыя дзяўчаты галасілі, аплакваючы свой лёс, што застануцца незамужнімі, а маці рабілі ўсё, каб іх сыны не пачулі казання будучага святога.

Каб сабе ўявіць сілу ўздзеяння святога Бернарда на сучаснікаў, трэба звярнуцца да лічбаў. Калі Бернард прыходзіць да цыстэрцаў, гэта новая рэфармаваная галіна бэнэдыктынцаў мае толькі тры кляштары. Калі Бернард памірае, то кляштараў ужо… 350! 65 з іх асабіста заснаваў Бернард.

Святы Бернард меў два асаблівыя віды сваёй пабожнасці: набажэнства да Маці Божай і набажэнства да Мукі Пана (адарацыя Крыжа). Адмысловая сувязь з Маці Божай – гэта вынік ранняга адыходу ў вечнасць мамы будучага святога. Пасля яе смерці ён цалкам аддаецца ў сыноўскую падданасць Марыі і такім чынам сапраўды ўсё жыццё перажывае сувязь з Багародзіцай. Можна сказаць, што яго пабожнасць нечувана чуллівая, пяшчотная ў адносінах да Святой Марыі.

Набажэнства да Мукі Пана Бернард практыкаваў таксама вельмі эмацыйна. Браты неаднойчы заўважалі, як ён размаўляе з укрыжаваным Хрыстом, стоячы каля распяцця. Таксама бачылі ўнутранае да слёз узрушэнне, калі святы праходзіў каля крыжа.

Цікава таксама, што Бернард спалучыў у сабе вялікую пабожнасць і веру з выключнымі інтэлектуальнымі здольнасцямі. Ён лічыў, што розум мае свае абмежаванні ў спасціганні таямніц Божых. Спрачаўся з іншым багасловамі і быў перакананы, што вяршыня і мера веры чалавека – гэта любоў. А любоў спасцігаецца праз пакору, малітву, сузіранне Божага аблічча, а не толькі праз багаслоўскія спрэчкі.

Святы Бернард прысутны штодзённа з намі праз сваю вядомую малітву “Памятай, о Насвяцейшая Панна Марыя!..”

Айцец Андрэй Сідаровіч MIC, Росіца

для друку для друку