9 снежня: другі тыдзень Адвэнту

У той час:

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.

А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.

Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл (Лк 1, 26–38).

У гэты годзе 9 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэтае свята распавядае нам пра глыбокую тэалагічную праўду пра тое, што Найсвяцейшая Панна Марыя ад самога свайго зачацця была захавана ад заразы граху. Бог у сваёй бясконцай літасці вырашыў пакласці канец пакутам усяго чалавецтва, якія пачаліся ад першага грэхападзення Адама і Евы. Госпад уваходзіць у гісторыю людзей са сваёй збаўчай ласкай. Ён умешваецца там, дзе без яго дапамогі ўжо ніяк. Тое, што было парушана сваяволлю і гардыняй чалавека, адновіцца праз Духа Святога і пакору Жанчыны.

Што для нас, людзей 21-га стагоддзя, важна ў гэтым свяце? Важна тое, што Бог не пакінуў свой народ. Для Яго важны і бясцэнны кожны чалавек. Кожнага Ён хоча правесці дарогай збаўлення, для кожнага падрыхтаваў унікальную прапанову: стаць святым.

Чалавек у сваім жыцці патрабуе прыкладаў, ідэалаў, арыентыраў. Ці ж Марыя – гэта не прыклад і арыентыр для нас? Яе лёс, яе асабістая сустрэча з Богам і нас натхняюць, нам падказваюць кірунак, куды ісці.

А яшчэ вельмі важна тое, што Яна – Заступніца. Зло не мае над Ёй ніякай моцы. Яна Найсвяцейшая, Найчысцейшая, Найпрыгажэйшая ў сваім жыцці Божай ласкай. Таму варта Яе прасіць дапамогі, варта праз яе звяртацца да Бога, варта ёй выказваць сваю любоў, пашану і вернасць.

На гербе сталіцы Беларусі, горада Мінска, змешчана якраз такі выява Найсвяцейшай Панны Марыі. Няхай тая, якую называем Беззаганна Зачатай, мае ў сваёй апецы гэты слаўны горад, усю краіну Беларусь і яе народ.

Кс. Віктар Місевіч

для друку для друку