8 снежня: другі тыдзень Адвэнту

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. І прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння, і не думайце казаць у думках сваіх: Наш айцец — Абрагам. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў  агонь.

Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным. (Мц 3, 1–12)

“Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” – напэўна, — гэта найлепш сфармуляваны евангельскі дэвіз для кожнага перыяду падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Давайце чарговы раз затрымаемся над ім.

У Слове Божым на сёння можам знайсці два важныя варункі, у якіх разгортваюцца дзеі навяртанняў людзей. Адкрываючы іх для сябе, і мы зможам лепш перажыць ласку навяртання.

“Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі”. Людзі выходзяць, ідуць, губляюць час і сілы, вызнаюць свае грахі перад прарокам, робяць асабісты высілак і ўнёсак у справу навяртання. Кожны з іх са свайго боку стараецца згодна са сваімі здольнасцямі: фарысеі і садукеі – па-свойму, мытнікі — па-свойму, войны і народ — па-свойму (пар. Лк. 3). Янаў хрост указвае на важнасць чалавечага вымярэння навяртання для кожнага. А што канкрэтнае ты, брат і сястра, можаш зрабіць са свайго боку для навяртання?

“…Той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне <…> Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём”. Ян параўноўвае свой чалавечы хрост з хростам, які прынясе свету Езус. Указвае на моц дзеяння Бога, якая змешчана ў Хрысце і яго жаданне адорваць людзей Святым Духам, які перакрочвае іх здольнасці, высілак, натуру. Толькі Ён, як агонь, здзяйсняе сапраўднае ачышчэнне душы чалавека ад граху і дазваляе цешыцца “годным плодам” навяртання. Прымаць Божую ласку праз веру – гэта другі варунак сапраўднага навяртання.

У перыяд Адвэнту выкарыстаем тыя аказіі, якія прапаноўвае нам Касцёл для навяртання. Перажывём парафіяльныя рэкалекцыі, добра падрыхтуемся да Споведзі, прымем Езуса ў Эўхарыстыі…

кс. Яўген Міхайлаў

для друку для друку