У той час:
Езус прыйшоў да Галілейскага мора, і ўзышоўшы на гару, сеў там. І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых, і клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх. Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.
Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны застаюцца са Мною, і не маюць чаго з’есці; і адпусціць іх галоднымі не хачу, каб не аслаблі ў дарозе. І кажуць Яму вучні: Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп? Кажа ім Езус: Колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: Сем і некалькі рыбак. І, загадаўшы натоўпу сесці на зямлю, узяў сем хлябоў і рыбы і, склаўшы падзяку, паламаў і даў вучням сваім, а вучні — натоўпу. І елі ўсе, і насыціліся. І набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў (Мц 15, 29–37).
Сёння словы Евангелля заклікаюць нас у першую чаргу да міласэрнасці. Зараз мы перажываем перыяд Адвэнту, час пакаяння і вялікай надзеі. Аднак, важна памятаць, што гэта не час пасіўнага чакання, але час чакання ў руплівасці да малітвы, да Божага слова, а таксама да спраў міласэрнасці. Менавіта праз гэта кожны з нас адкрывае сваё сэрца, каб сустрэць Пана.
“Езус паклікаў вучняў і сказаў ім: “Шкада Мне людзей…”(Мц 15, 32). Пан здзейсніў вялікі цуд размнажэння хлеба, тым самым паказаўшы чалавеку сапраўдны прыклад дабрыні і міласэрнасці ў адносінах да людзей, якія былі ў патрэбе. Важна звярнуць увагу, што сапраўдны цуд, які ў той дзень учыніў Езус, гэта не толькі размнажэнне хлеба, якое было вядома сапраўдным, але прыклад дзялення з тымі, хто ў патрэбе. У сваёй малітве да Нябеснага Айца Езус не толькі размножыў хлеб, Ён адкрыў сэрцы людзей на патрэбу дзяліцца з патрабуючымі тым, што маеш. Літургія Адвэнту звяртае вялікую ўвагу на гэты фрагмент. Касцёл прапануе нам паразважаць над яго зместам. Разважаючы над гэтымі словамі, узнікае для кожнага з нас выдатная прапанова, каб прысвяціць сябе служэнню іншым людзям, праявіць у адносінах да іх спачуванне і аказаць ім ласку. Калі мы хочам навучыцца міласэрнасці, нам варта глядзець на Езуса, Які прыйшоў знайсці і выратаваць кожнага (Лк 19. 10).
Кожная старонка Евангелля паказвае нам сапраўдны прыклад Міласэрнасці Бога. Мы павінны разважаць пра жыццё нашага Збаўцы, паколькі Ён засяроджвае ў Сабе ўсю гісторыю адносінаў Бога да чалавека. Міласэрнась Бога – гэта сутнасць усёй гісторыі збаўлення, сутнасць усёй справы Адкуплення. Божая Міласэрнасць – гэта пастаянная форма адносін Бога да чалавека. Варта даверыць Яму ўсе нашыя справы, а таксама намеры нашых сэрцаў, нашыя думкі. Мы павінны ўвесь час звяртацца да Бога, не толькі ў перыяд Адвэнту, але ў часе ўсяго літургічнага году. Пры кожным зручным выпадку, штодня, вельмі важна звяртацца ў малітве да Сэрца Езуса, каб сказаць Яму: Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць (Мц 8, 2). Сапраўднае пазнанне Міласэрнасці Бога асабліва ў нашыя дні можа стаць вельмі важнай крыніцай нашага ўласнага перамянення.
Божую Міласэрнасць немагчыма ўявіць перш за ўсё без Крыжа Езуса Хрыста, дзе Збаўца свету ахвяруе сваё жыццё за кожнага чалавека. Менавіта з Крыжа выходзіць збаўленне для ўсяго свету. Гэтая збаўчая місія мае свой пачататак у моманце Звеставання, калі Марыя даведваецца, што стане Маці Міласэрнасці. Яшчэ шмат разоў мы будзем разважаць пра гэта ў часе Адвэнту, асабліва на раратніх сустрэчах з Марыяй, якая прыкладам свайго жыцця паказвае, наколькі вялікая Міласэрнасць чакае кожнага чалавека, які адкрывае сваё сэрца Богу.
У часе Адвэнту мы можам больш актыўна ўключыцца ў гэтую вялікую справу. Трэба распачаць у першую чаргу з самога сябе: малітва, споведзь, добрае слова і прыклад жыцця. Міласэрную любоў Бога да чалавека мы пазнаём толькі дзякуючы Аб’яўленню. Менавіта сам Бог ужо з самых першых старонак Святога Пісання расказвае нам пра Сваю Міласэрнасць. У наш час варта казаць пра гэтае нашым родным і блізкім. Вельмі важна мець адкрытае сэрца, умець выказаць сваё спачуванне. Калі мы чакаем спагады і зразумення ў нашых цяжкасцях і недахопах, мы павінны мець чулае сэрца ў адносінах да людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе. Ахопліваць сваёю міласэрнасцю мы павінны перш за ўсё тых, з кім мы больш за ўсё маем дачыненне – нашу сям’ю, нашых сяброў, а таксама тых, хто патрабуе нашай дапамогі.
У гэты час вельмі важна стаць у праўдзе ў першую чаргу перад самім сабой і зразумець, што без Бога мы па-сапраўднаму не адчуваем сябе. Усё, што мы робім добрае, з’яўляецца менавіта Яго дарам, Яго дзейнасцю ў нас. Перыяд Адвэнту, які ўжо распачаўся, а таксама перыяд Божага Нараджэння, які наступіць за ім, дае вялікую магчымасць, каб агарнуць нашых родных і дарагіх нашаму сэрцу людзей любоўю, дабрынёй, цеплынёй і радасцю. Важна памятаць, на чым засноўваюцца ўчынкі міласэрнасці, варта заўсёды старацца іх распаўсюджваць вакол сябе, каб яны дасягнулі тых людзей, якія больш за ўсё маюць патрэбу ў нашай дапамозе, духоўнай ці матэрыяльнай. Важна пастарацца адчыніць для іх дзверы нашых сэрцаў. Будзем памятаць словы Езуса наконт міласэрнасці: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць”(Мц 5, 7)!
Кс. Алег Зямчонак
для друку