3 снежня: першы тыдзень Адвэнту

У той час узрадаваўся Езус у Духу Святым і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.

Усё перададзена мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, апроч Айца, і хто ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын хоча адкрыць.

І, звярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што бачыце вы! Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы — і не ўбачылі, і чуць тое, што чуеце вы — і не пачулі (Лк 10, 21-24).

“У той час ўзрадаваўся Езус у Духу Святым” (Лк 10. 21). Сённяшні евангельскі ўрывак паказвае нам малітву Езуса, але, перш за ўсё, ён паказвае нам Яго ўнутранае жыццё. Менавіта Дух Святы кіруе Ім, напаўняе Яго сэрца радасцю і адкрывае Яго на малітву: “Праслаўляю Цябе, Ойча”. Толькі Дух Святы можа дапамагчы нам увайсці ў таямніцу Бога, ад Яго паходзіць святло, якое кіруе нашымі крокамі і не дае нам губляць супакой нават у самыя цяжкія моманты нашага жыцця.

Не ўдасца нам пазнаць Пана Бога праз чытанне тэалагічных трактатаў і разумных кніг, і нават праз чытанне Бібліі. Толькі “маленькія”, “чыстыя і простыя сэрцы” могуць наблізіцца да гэтай Вялікай Таямніцы і атрымаць святло: “Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям” (Лк 10. 21).

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус дайшла шляхам пакоры і прастаты да пазнання Вялікай Таямніцы: “Ён нахіляўся да мяне, бо я была малая і слабая, Ён патаемна вучыў мяне рэчам сваёй любові. Ах! Калі б навукоўцы, якія прысвяцілі ўсё жыццё сваё навуцы, прыйшлі запытацца мяне, яны, несумненна, былі б здзіўленыя, убачыўшы чатырнаццацігадовую дзяўчыну, якая разумее таямніцы дасканаласці, таямніцы, якія ўся іх навука не можа раскрыць, бо, каб валодаць імі, трэба быць простым духам!”.

Прыгледзімся да дзяцей, каб стаць простымі, такімі як яны, каб навучыцца ў іх пазнаваць і любіць Бога.

Езус таксама заклікае нас жыць у радасці: “Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што бачыце вы!” (Лк 10. 23). А што бачаць нашыя вочы? Бога, які ў пакоры прымае чалавечае цела, а пазней дазваляе прыбіць сябе да крыжа. Шчаслівыя нашыя вочы, якія бачаць, шчаслівыя нашыя вушы, якія чуюць. Вялікая радасць і  шчасце быць хрысціянамі, бо мы пачулі і прынялі хрысціянскае абвяшчэнне, якое сёння прапануе нам Евангелле. Мы перажываем Адвэнт, каб яшчэ раз пачуць і прыняць гэтае незвычайнае абвяшчэнне пра Божае Уцелаўленне.

Шчаслівыя, гэта як раз і азначае, што мы сталі дастаткова “малымі”, каб прыняць Бога, які паказвае і аддае Сябе тым, хто “бедным сэрцам”,  хто сціплы. Тым, каго свет заўсёды лічыць неадпаведнымі. Шчаслівыя, бо мы разумеем, які вялікі дар атрымалі, каб мець магчымасць стаць дзецьмі Божымі, якімі мы сапраўды з’яўлемся.

Кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі