Калі сыходзілі з гары, спыталі Езуса вучні Ягоныя, кажучы:
Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсці Ілля? Езус адказаў ім: Ілля сапраўды прыйдзе і выправіць усё. Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх. Тады зразумелі вучні, што Ён казаў ім пра Яна Хрысціцеля (Мц 17, 10–13).
«Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх», — гэтыя словы Настаўніка выразна падкрэсліваюць прароцкую свядомасць Сына Божага. Ён дакладна ведаў сваё пакліканне і мэтанакіравана імкнуўся яго споўніць, нават нягледзячы на тое, што для ягоных вучняў факт укрыжавання і смерці спачатку выклікаў страх і безнадзейнасць. Але, дачакаўшыся Пяцідзесятніцы, святло Духа Святога дало магчымасць усё зразумець і “раскласці па палічках” усе словы і чыны Езуса Хрыста. Час Адвэнту – гэта таксама магчымасць “параскладаць па палічках” сваё жыццё, свае дасягненні і падзенні, свае поспехі і няўдачы.
Адвэнт вучыць нас чаканню. У цярплівасці чакаць плёнаў сваёй працы і сваёй веры, чакаць сустрэчы з Хрыстом Збаўцам, – вось тое заданне, якое ставіць перад намі Бог на працягу ўсяго нашага жыцця. Чакаючы святаў Божага Нараджэння не будзем забывацца, што Хрыстос “ужо прыйшоў” (Мц. 17,12). Ён ужо нарадзіўся. Там, у далёкім Бэтлееме, больш чым дзве тысячы год таму. І сёння мы чакаем ужо другога прыйсця Божага Сына. Прыйсця ў моцы і славе.
І вось тут паўстае пытанне, як людзі чакаюць вяртання Збаўцы? Безумоўна, святы Божага Нараджэння напоўнены атмасферай радасці і супакою, але, вельмі часта, у карагодзе ёлак, стаенак, гірляндаў і падарункаў мы забываемся пра самае галоўнае, — пра жывога Бога, Езуса Хрыста Госпада і Збавіцеля, прысутнага ў нашым жыцці не толькі падчас святаў.
Божы Сын «ужо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі» (Мц. 17,12). Гледзячы, як сучасны свет адзначае Божае Нараджэнне, сапраўды разумееш, што з Бога зрабілі сёння “што хацелі”, а менавіта, нейкі брэнд, тарговую марку, чырвоны ярлык з надпісам “SALE”. Дух засяроджанасці, малітоўнага чакання, перажывання таямніцы Богаяўлення сёння застаўся толькі за мурамі святыняў. Па-за святынямі пануе дух спажывальніцтва. І гэты дух, нажаль, амаль знішчыў свядомасць прысутнасці Хрыста ў нашым жыцці, замяніўшы Жывога Бога на бяздушную ляльку ў атачэнні штучных дэкарацый.
Для нас, веруючых хрысціянаў, Адвэнт павінен стаць часам супрацьстаяння спажывецкай ідэалогіі сучаснага свету, які хоча святкаваць Божае Нараджэння без Бога, падмяняць рэальную сустрэчу з Хрыстом у сакрамантах на бесклапотную радасць бліскучых вітрын, а крыніцу сапраўднай радасці і супакою, якая выплывае з сэрца напоўненага верай, надзеяй і любоўю, шукаць у колькасці накупленых рэчаў на распродажах.
Няхай жа прарок Ілля, які мужна супрацьстаяў фальшы ідалапаклонства і палаў, як агонь, асвеціць і нам шлях да ўбогай стайні нашага Бэтлеема. Каб не паддаліся мы спакусе бачыць у Божым Нараджэнні толькі знешні, хоць і прыгожы фон, але і захацелі зазірнуць за заслону нашага сэрца, у якім падчас Адвэнту рыхтуем дарогу Пану і раўняем сцежкі Яму.
Кс. Аляксандр Грыцкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
