Хоць раніцай звычайна спяшаешся, знайдзі літаральна 5 хвілін і прысвяці іх малітве. Выберы сваю любімую форму: Ружанец, “Вітай, Марыя”, спантанную малітву сваімі словамі… Важна заўжды пачынаць дзень размовай з Тым, хто даў Табе жыццё. Можаш, напрыклад, папрасіць у Стварыцеля бласлаўлення на надыходзячы дзень.
- Праглядзі дадатак з біблійнымі чытаннямі
Гэта вельмі прыдатная прылада, якая дазволіць Табе з лёгкасцю прачытаць любы фрагмент Святога Пісання. Уключае таксама чытанні, якімі ў дадзены дзень моліцца ўвесь Касцёл. Дадаткова там могуць быць змешчаны каментарыі да выбранага раздзела Бібліі.
- Падумай пра тое, што маеш і што атрымаў
Выражэнне ўдзячнасці Богу за дадзеныя Ім дары – эфектыўны спосаб барацьбы з прагнасцю і пыхай. Гэта спрыяе таму, што будзённыя праблемы ўжо не ўздымаюцца да ўзроўню жыццёвых драм, а мабілізуюць да пошуку выхаду з сітуацыі. Падзякуй за здароўе, ежу, супакой і папрасі за тых, хто гэтага не мае.
- Прыгадай сабе цноту любові
Не прыходзь на працу з кіслым тварам і не ўдзельнічай у непатрэбных сварках. Успрымай іншых так, як хочаш, каб успрымалі Цябе. Будзь спакойны і цярплівы таксама да сябе. Хрысціянская любоў палягае на мілаванні Бога ўсім сваім сэрцам, розумам і душою, а бліжняга свайго, як самога сябе.
- Падзяліся сваёй верай
Ніколі не ведаеш, калі і як Твае словы могуць узняць чыйсьці дух ці паспрыяць таму, што хтосьці зусім па-іншаму зірне на справу, якая дагэтуль яго турбавала. Штодзённа дзяліся цытатамі са Святога Пісання. Сучаснымі прыладамі, якія дазваляюць аператыўна і неабмежавана дзяліцца сваёй верай, з’яўляюцца сацыяльныя рэсурсы. Гэта таксама выдатная магчымасць адкрываць іншыя погляды на свет і рэлігію.
- Падыскутуй на тэму Бога
Калі саромеешся гэтага, пачні з размовы з кімсьці, хто таксама веруючы. Вы можаце ўзбагаціцца ўзаемна, дзелячыся набытымі ведамі, знойдзенай інфармацыяй, уласнымі разважаннямі. Гэта важна, таму што тады ўсведамляеш, што Ты не адзін, і не баішся ўжо гаварыць пра тое, што для Цябе сапраўды істотнае і цэннае.
- Скажы камусьці, што любіш яго
Для кожнага хрысціяніна найлепшым узорам з’яўляецца Бог, які штодзённа паўтарае нам гэтыя словы: “Люблю Цябе, дачка”, “Люблю Цябе, сын”. Але пры гэтым неабходна памятаць, што ў свеце ёсць таксама людзі, для якіх Ты неабыякавы, важны. Зрабі першы крок і дай зразумець сваім бацькам, дзядулі і бабулі, мужу ці жонцы, дзецям, дзяўчыне ці хлопцу, сябру, што любіш іх.
- Ахвяруй штосьці
Гаворка не ідзе пра вялікія рэчы, але пра малыя пастановы, якія можаш выканаць. Купі бяздомнаму пасілак, у вольную хвіліну пабудзь у цішыні і паразмаўляй з Богам пра свой дзень.
- Зрабі нешта добрае
Схадзі за пакупкамі для пажылой суседкі, прытрымай дзверы таму, хто ідзе за Табой, або проста ўсміхніся сустрэчнаму. Варта штодзённа ўсведамляць, што зрабіў штосьці добрае для іншых.
- Пад канец дня выканай падсумаванне
Прыгадай, што з запланаванага Табе ўдалося рэалізаваць, а што – не. Ці добрае ўчыніў сёння, ці здзейсніў якія-небудзь цяжкія грахі. Падзякуй за ўсё Богу і папрасі, каб даў Табе сіл на чарговы дзень.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
