Віцебскаму “Карытас” – 20 гадоў!

15 сакавіка 2020 г. – асаблівая дата для Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Менавіта ў гэты дзень яно адзначае юбілей – дваццаць гадоў існавання! У літургічным календары гэта таксама трэці тыдзень Вялікага Посту, дзень, калі ў парафіях Віцебшчыны збіраюцца ахвяраванні на дабрачынную дзейнасць нашай арганізацыі.

“Карытас” нясе дапамогу тым людзям, каму яна найбольш патрэбная, нягледзячы на расавую, нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць. Супрацоўнікі і валанцёры ў сваёй дзейнасці рэалізуюць наказ Хрыста любіць адно аднаго і быць міласэрнымі, як наш Бог.

Арганізацыя “Карытас” існуе ва ўсім каталіцкім свеце, але ў кожнай дыяцэзіі яна мае ўласныя адметныя рысы і кірункі дзейнасці, адпаведныя актуальным патрэбам пэўнай супольнасці. Па традыцыі хочацца расказаць чытачам пра праекты і акцыі, якія адбываліся ў “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі на працягу года.

Цэнтр дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю дзейнічае пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі з 2003 года. Кожны дзень, акрамя выхадных, маладыя людзі з інваліднасцю прыходзяць у цэнтр займацца рукадзеллем, творчасцю, музыкай, працуюць на камп’ютары, гатуюць смачныя стравы ды і проста сустракаюцца за кубачкам гарбаты. Цэнтру рэгулярна дапамагаюць валанцёры, якія таксама арганізуюць для наведвальнікаў святочныя імпрэзы. Падобныя асяродкі дзейнічаюць і пры парафіяльных арганізацыях “Карытас” у Мёрах і Глыбокім. На цяперашні момант цэнтры наведвае больш за 60 людзей з інваліднасцю.

Студыя інклюзіўнага танца “ІМПЭТ” пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае ўжо чацвёрты год. Яна аб’ядноўвае аматараў танца з інваліднасцю і без яе, на інвалідных вазках і на нагах, дзяцей і дарослых, якія танцуюць на роўных. Танцоры пад кіраўніцтвам харэографа Марыны Булатоўскай ахвотна прымаюць удзел у канцэртах, конкурсах і майстар-класах. За апошні год удзельнікі студыі шмат разоў выступалі ў Віцебску, Лепелі, Ушачах. “Карытас” таксама зладзіў інклюзіўны танцавальны фестываль у рамках V Парафіяды Віцебскай дыяцэзіі. У кастрычніку 2019 г. студыя “Імпэт” ужо трэці раз была прадстаўлена на Міжнародным дабрачынным танцавальным фестывалі “Вялікі кубак Inclusive dance” ў Маскве, прычым адразу дзвюмя інклюзіўнымі парамі танцораў, якія атрымалі ўзнагароды за артыстызм. 

Праца з пажылымі і хворымі людзьмі. Дырэктар “Карытас” кс. Андрэй Аніскевіч з’яўляецца рэгулярным госцем на спатканнях для пажылых асоб пры катэдральнай парафіі ў Віцебску. Разам з групай верніц раз на месяц яны адведваюць сяброў у Варонаўскім доме-інтэрнаце. Кожны аўторак у капліцы ў Віцебскім абласным анкалагічным шпіталі кс. Андрэй адпраўляе Святую Імшу і спавядае хворых.

Дапамога абяздоленым. Віцебскі “Карытас” сумесна з еўрапейскім партнёрам з Лінца нясе дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбная, у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, дроваў. Ад пачатку 2020 года на гэта было выдзелена 18 830 бел. руб.

Дапамога для Віцебскага гарадскога цэнтра часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў. “Карытас-Віцебск” рэгулярна закупае прадукты харчавання (крупы, муку, цукар, кансервы, алей, макароны, печыва, гарбату) і сродкі гігіены для людзей без пэўнага месца жыхарства. На Вялікадзень і Божае Нараджэнне яны атрымліваюць ад “Карытас” святочныя падарункі. За апошні год дапамога склала каля 10 000 бел. руб.

Дапамога дзецям разам з “Карытас-Прага”. Дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, з розных раёнаў Віцебскай вобласці два разы на год атрымліваюць фінансавую дапамогу для набыцця адзення, абутку, школьных прыладаў ці для аплаты навучання ад дабрачынцаў “Карытас-Прага”. Для дзяцей таксама арганізоўваюцца святочныя мерапрыемствы. Летам 2019 года група з 50 чалавек падарожнічала ў Чэхію. На сённяшні дзень у праекце прымае ўдзел каля 500 дзяцей і іх сем’яў.

Дапамога анкалагічна хворым дзецям. Пачынаючы з 2005 года, “Карытас” набывае імунна-пратэктарныя лекі для дзяцей, якія хварэюць на рак. Для іх таксама арганізуюцца святы на Дзень абароны дзіцяці, уручаюцца падарункі на Божае Нараджэнне. У снежні 2019 года было закуплена лекаў і падарункаў на суму 10 534 бел. руб.

Інтэграцыйныя святліцы для дзяцей. У 2019 годзе пры падтрымцы “Карытас-Польшча” і праграмы “Польская дапамога Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча” віцебскі “Карытас” адрамантаваў і адкрыў інтэграцыйныя святліцы для дзяцей пры парафіях Езуса Міласэрнага ў Віцебску, Святой Тройцы ў Глыбокім, Нараджэння НПМ у Браславе. Нагадаем, што першыя такія святліцы былі адкрытыя ў 2018 годзе ў Лепелі і Мёрах. Таксама ўжо трынаццаць гадоў дзейнічае святліца пры парафіі ў Лынтупах, якую падтрымлівае “Карытас” разам з замежнымі партнёрамі: Renovabis i Kindermission. У святліцах адбываюцца заняткі па катэхезе, кулінарыі, творчыя майстэрні. Дзеці і моладзь разам з выхавальнікамі рыхтуюць хатнія заданні, гуляюць, ладзяць святы. Дзякуючы “Карытас-Лінц” сёлета мы закупілі прадукты харчавання для забеспячэння дзейнасці кулінарных гурткоў на суму 10 821 бел. руб. У гэтым навучальным годзе святліцы наведваюць каля 260 дзяцей.

Дапамога дзецям з каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі. “Карытас-Віцебск” рэалізуе наступныя праекты для дзяцей:

  • Арганізацыя летняга адпачынку “Канікулы з Богам”. Сёлета 131 асоба прыняла ўдзел у летніку ў Загужу Слёнскім (“Карытас-Свідніца”).
  • Салодкія падарункі на свята Божага Нараджэння і для ўдзельнікаў Дыяцэзіяльнага конкурсу батлеек. З нагоды апошніх святаў было закуплена падарункаў на суму 14 000 бел. руб.
  • На 2019/2020 навучальны год у межах праекту “Пазнаём сваю веру” парафіі Віцебшчыны атрымалі падручнікі для катэхезы на суму 7 690 бел. руб.
  • Парафіі Віцебскай дыяцэзіі таксама былі забяспечаныя канцылярскімі прыладамі для заняткаў па рэлігіі на суму 2 300 бел. руб.
  • Фінансавы ўнёсак і дапамога валанцёраў падчас арганізацыі V Парафіяды дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі.

Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання ўпершыню адбыўся ў нашай дыяцэзіі ў 2019 годзе. У ім прыняло ўдзел 220 дзяцей з 26 парафій. Амаль усю арганізацыю ўзяў на сябе “Карытас-Віцебск”: падрыхтавана каля 300 пытанняў, уручана 65 падарункаў для фіналістаў і катэхетаў, выкарыстана праца 20 валанцёраў. Ужо хутка распачынаецца ІІ Дыяцэзіяльны конкурс 2020 г. на веданне Кнігі Зыходу.

Кансультацыі каталіцкага псіхолага. Па ініцыятыве віцебскага “Карытас” псіхолаг Марына Ткач чатыры разы на месяц праводзіць бясплатныя сустрэчы і кансультацыі па сямейных пытаннях у сядзібе “Карытас”, а таксама ў розных парафіях нашай дыяцэзіі.

Дапамога дзяржаўным сацыяльным установам Віцебскай вобласці. У апошні час “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі рэалізаваў наступныя праекты:

  • Адкрыццё сацыяльнай цырульні ў в. Заронава (ТЦСАН Віцебскага раёна).
  • Набыццё мэблі для дзіцячага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы (2644 бел. руб.)
  • Набыццё цяпліцы і гаспадарчага інвентару для Максімаўскага дома-інтэрната ў в. Бычыха Гарадоцкага раёна (4614 бел. руб.)
  • Набыццё абсталявання для кухні (5841 бел. руб.) для псіхіятрычнай бальніцы ў Слабодцы Браслаўскага раёна.
  • Набыццё будаўнічых матэрыялаў для рамонту ў Аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Першамайскага раёна г. Віцебска на суму 500 бел. руб.
  • Прадуктовая дапамога для наведвальнікаў Аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Лепельскага раёна на суму 1122,17 бел. руб.

Акрамя галоўнай сядзібы “Карытас” у Віцебску, пры васьмі парафіях Віцебскай дыяцэзіі існуюць парафіяльныя арганізацыі “Карытас”: Святой Тройцы ў Глыбокім, Св. Андрэя ў Лынтупах, Св. Казіміра ў Лепелі, Перамянення Пана ў Чашніках, Сэрца Марыі ў Оршы, Унебаўшэсця НПМ у Мёрах, Нараджэння Маці Божай у Браславе, Езуса Міласэрнага ў Паставах.

У 2019 г. парафіяльны “Карытас” у Глыбокім чарговы раз праводзіў фестываль “Мы разам!”, які збірае маладых людзей з інваліднасцю з усёй Віцебшчыны.

Валанцёрскі рух “Карытас-Віцебск”. Дабрачынная праца не была б магчымая без валанцёраў. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесіі і веравызнання, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім. На дадзены момант у Віцебску ёсць трыццаць пастаянных валанцёраў “Карытас” (у тым ліку адзін доўгатэрміновы замежны валанцёр), якія:

  • наведваюць дзетак у Віцебскім дзіцячым доме;
  • у дзіцячым аддзяленні Віцебскай абласной псіхіятрычнай бальніцы;
  • у школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху;
  • апякуюцца дзецьмі падчас летнікаў;
  • праводзяць дабрачынныя акцыі сярод жыхароў горада;
  • дапамагаюць у цэнтры для людзей з інваліднасцю, у інтэграцыйнай святліцы, у офісе “Карытас”. 

Валанцёры дзейнічаюць таксама і пры парафіяльных арганізацыях “Карытас”, працуючы з дзецьмі, людзьмі з інваліднасцю, несучы дапамогу тым, каму яна патрэбная, на тэрыторыі парафіі. Мы таксама рады студэнтам, якія прымаюць удзел у разавых дабрачынных акцыях і інклюзіўных танцах. Адмыслова для валанцёраў арганізуюцца трэнінгі, семінары, паездкі.

“Карытас” Віцебскай дыяцэзіі шчыра дзякуе святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам, якія сваімі ахвяраваннямі і малітвамі падтрымліваюць нашу дабрачынную дзейнасць ужо на працягу дваццаці гадоў! Запрашаем сачыць за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках:

Instagram: #caritasvitebsk

У Кантакце: https://vk.com/caritas.vitebsk

а таксама на сайце caritas-vitebsk.by

Нашы каардынаты: вул. Чкалава 52 к. 1, п/с 6, г. Віцебск 210041, тэл. +375 212 618822, +375 29 8369993, e-mail: caritas.vitebsk@mail.ru

 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі