У Пінску ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага 16 красавіка распачалася сустрэча семінарыстаў Беларусі з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці. Да таго ж у гэтым годзе адзначаецца 90-годдзе з дня заснавання духоўнай семінарыі і 15-годдзе з дня яе аднаўлення.
У першы дзень на ўрачыстаці прысутнічалі ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, клерыкі дзвюх беларускіх семінарый — Пінскай і Гродзенскай, іх выкладчыкі і выхавацелі, законныя сёстры.
Мерапрыемства распачалося супольнай малітвай Вяночкам да Божай міласэрнасці ў семінарыйнай капліцы. Надалей навучэнцы духоўнай установы прэзентавалі прысутным відэаролікі пра гісторыю стварэння і развіцця сваіх семінарый. Падчас прэзентацыі былі ўзгаданыя духоўныя асобы, якія стаялі ля вытокаў духоўных семінарый у Гродне і Пінску, а таксама названыя іх вядомыя выпускнікі.
Першы дзень урачыстасці скончыўся святочнай Імшой, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі. Падчас Літургіі біскуп Алег Буткевіч прамовіў гамілію аб значнасці пакліканняў.
На наступны дзень святкавання, 17 красавіка, запланаваныя канферэнцыя з удзелам біскупаў, фарматараў і выкладчыкаў духоўных навучальных устаноў, абмеркаванні хвалюючых тэм з жыцця семінарыстаў у Беларусі і погляду на пакліканні як на мясцовым, так і на агульнакасцёльным узроўні, святая Імша ў катэдры і знаёмства з гістарычнай спадчынай мясцовага Касцёла.
Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



































