Казанне і даклад біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя часопіса «Дыялог»

Казанне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
падчас св. Імшы з нагоды святкавання
25-годдзя часопіса “Дыялог”
(Баранавічы, 23 лютага 2019 г.)

“Ідзіце і навучайце ўсе народы!” (Мц 28, 19).

Гэтыя словы Езуса Хрыста з’яўляюцца для яго вучняў указальнікам на жыццёвым шляху. Праз прапаведаванне мы, святары, узбуджаем веру ў нашых слухачах. Але ж “як будуць верыць у таго, каго не пачулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? І як будуць абвяшчаць, калі не будуць пасланыя?” (Рым 10, 14 – 15).

Чвэрць стагоддзя таму з місіяй абвяшчэння Слова Божага да нашых вернікаў быў пасланы часопіс “Дыялог”. Адпаведны дэкрэт тады падпісаў ксёндз кардынал Казімір Свёнтак. Праз друкаванае слова рэдакцыя несла ў свет Добрую Навіну да тых, хто жадаў слухаць яе, для тых хто шукаў праўду. Адрасатам “Дыялогу” з’яўляецца чалавек. Варта ўзгадаць, як паўставаў часопіс.

У сярэдзіне 1990-х гадоў выдавалася шмат разнастайных часопісаў і газет. Іх чыталі. Касцёл таксама шукаў чалавека з дапамогай друкаванага слова. Праз “Дыялог” завязваліся сяброўскія адносіны і складваліся групы супольных інтарэсаў. Дзякуючы часопісу адбывалася сустрэча людзей, якія шукалі ў друкаваным слове не інфармацыі пра матэрыяльныя праблемы, а духоўнай адновы ў лучнасці з Богам.

“Дыялог” паспяхова скарачае дыстанцыю паміж людзмі і дапамагае ў наладжванні кантактаў. Калі б пасланне апосталаў адбывалася ў нашыя часы, то цалкам верагодна, што яны б называліся карэспандэнтамі каталіцкіх выданняў. Адзін з хрысціянскіх мысліцеляў сцвярджаў, што надыдзе такі, час калі артыкулы каталіцкіх аўтараў, напісаныя атрамантам, будуць такім жа пасевам, як кроў мучанікаў. Папу Пію Х прыпісвалі словы: “На адзін часопіс болей – на адзін касцёл менш”. А кардынал Мэрціер у свой час гаварыў, што спыніў бы будову яшчэ аднаго касцёла, каб прыспешыць заснаванне яшчэ аднаго каталіцкага часопіса. Душпастыры добра ведаюць, якое грунтоўнае сведчанне веры дае часопіс “дыялог”.

Свету неабходная новая і паглыбленая евангелізацыя. Патрэбныя новыя місіянеры пяра, шматлікія, маладыя, поўныя добрай волі і энтузыязму, каб добрая хрысціянская друкаваная прадукцыя дайшла да кожнай сям’і. Неабходныя новыя місіянеры да новага і дзейснага апостальства. Друкаванае слова чынна служыць новай евангелізацыі і таму трэба знаходзіць адпаведны спосаб прамоваў, напісання артыкулаў, інтэрв’ю, сведчанняў, якія б дапаўнялі навучанне ў парафіях у межах катэхезы. І гэта павінна быць інтэгральная катэхізацыя ў парафіях, якая складае істотны элемент душпастырскай дзейнасці. Вядома, канечне ж, што душпастыр у касцёле толькі часткова можа ўфармаваць мысленне людзей. У нашы дні недастаткова абмежавацца толькі казаннем унутры касцёла. Добрая Навіна павінна абвяшчацца і па-за межамі нашых святыняў. Прычым пастаянна і дзейсна. Гэту задачу бярэ на сябе каталіцкі друк.

Апостальства друку ў сваёй натуры таксама важнае, як і апостальства Слова. Розніцца яны толькі спосабам рэалізацыі. Святар, які з’яўляецца ключавым распарадчыкам Апостальства Слова, таксама з’яўляецца і распарадчыкам апостальства друку. Апостальства друку не павінна быць толькі дадаткам да парафіяльнага душпастырства, але сапраўднай евангелізацыяй са сваёй спецыфічнай формай. Таму паслуга друкаванага Слова ўзносіць яе да паслугі сакрамэнтальнай. А ў перакладзе тэалагічным гэта азначае тое, што Бог паслугоўваецца матэрыяльнымі элементамі дзеля таго, каб дасягнуць звышпрыродных вынікаў.

Напрыклад, у сакрамэнце хросту чыстая вада з’яўляецца неабходнай матэрыяй, каб адбыліся звышпрыродныя наступствы. Гэта матэрыя для звышпрыродных дзеянняў: абмыцця з першароднага граху, нараджэння да новага жыцця, далучэння да вялікай Касцёльнай сям’і. Дзякуючы адпаведным рытуалам мы становімся Божымі дзецьмі, адкупленымі Езусам Хрыстом, нашым Збаўцам. У апостальстве друкаваным матэрыяй служыць слова. Гэта таксама яго друк і распаўсюджванне, якое служыць для звышпрыродных мэтаў, пашырэнні навукі Касцёла аб Збаўчай місіі Езуса Хрыста.

Але такая візія не дапускае спрашчэння ролей. Нельга застацца, затрымацца, засяродзіцца толькі пры размеркаванні, распаўсюджанні і продажы. Для гандлю не абавязкова, каь былі кансэкраваныя і духоўныя асобы. Неабходна застацца на боска-чалавечым ўзроўні апостальства, выкарыстоўваючы для пастаральнай працы самыя эфектыўныя сродкі. Не праблемы рэнтабельнасці павінны стаяць на першым месцы, а сама евангелізацыя. І калі такое служэнне словам параўноўваецца нават да святарскага харызмату, то можна і далей праводзіць аналогію паміж прапаведваннем пісьмовым і вусным. Параўнанні можна прадаўжаць.

Заснавальнік супольнасці паулістаў кс. Альбэрыёнэ параўнаў часопіс да амбоны з паперы і да звана з паперы. А тэхнічныя сродкі, як друкарскія машыны, клавіятуру, радыётэхнічны апарат і т.п. да сакральных прадметаў, якімі Касцёл служыць чалавецтву. Ён казаў, што да друкавальнага станку трэба мець не меньшую павагу, чым да касцёла або школы. Калі гэтыя механізмы і сродкі служаць евангелізацыі, то яны як бы “кансэкруюцца” праз гэта. Пісьменны стол карэспандэнта, тэхнічныя памяшканні рэдакцыі, кіёск і кнігарня становяцца касцёлам і амбонай сучаснага свету.

Асобы, якія ў ХХІ стагоддзі займаюцца рэдагаваннем, тэхнічным забеспячэннем і распаўсюджваннем каталіцкага друкаванага слова з’яўляюцца людзьмі, якія прапаведуюць Добрую Навіну на арэапагу сучаснага свету. Таму праца такіх асоб – гэта асаблівае пакліканне. Многія людзі ў нашай краіне і ўсюды ў свеце чакаюць на духоўны пасілак.

Умовы, у якіх працуе рэдкалегія нашага часопіса простыя і даволі сціплыя. Але “вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца” (Мц 12, 34). Праз “Дыялог” супрацоўнікі выдання стварылі магчымасць падзяліцца верай з чытачамі многім куткоў Беларусі і нават замежжа. Сведчанні аб веры замежнікаў таксама змяшчаліся на старонках часопіса. Першае чытанне сёння падае нам прыклады веры знакамітых постацяў Старога Запавету. На старонках “Дыялогу” знайшлі асвятленне прыклады веры многіх сучасных нам людзей. Іх узлёты і, часам, падзенні. Хвіліны хвалявання з гары Перамянення і расчараванняў з Кальварыйскай гары. Для многіх “Дыялог” адыгрывае ў жыцці ролю падобную да анёла з Кнігі Тобія, які вядзе праз складанасці і небяспеку падарожжа. Ужо 25 год часопіс суправаджае сваіх чытачоў на шляху пілігрымкі да неба.

“Дыялог” не аднойчы даваў парады, як па-хрысціянску паступаць у складаных і заблытаных жыццёвых сітуацыях. Мы сёння дзякуем Богу за той час, што часопіс быў і ёсць з намі. Мы дзякуем за адраджэнне і развіццё каталіцкага друку ў Беларусі пасля многіх дзесяцігоддзяў вымушанага перапынку. І таксама мы складаем падзяку Найвышэйшаму за працаўнікоў рэдакцыі, за спонсараў, карэспандэнтаў, за ахвяраваны для Бога час і высілкі. Яны ўкладваліся не для карысці, не для асабістых выгодаў, а для Бога. Даручаем сёння Міласэрнаму Айцу таксама тых супрацоўнікаў выдання, якія рыхтуюцца стаць перад Ім у вечнасці або ўжо спачываюць у спакоі.

Срэбраны юбілей часопіса заахвочвае да падвядзення вынікаў. Вынікі, як бачым, ёсць. Сродкі, папера, тэхніка, творчая энергія і многае іншае было выкарыстана для павелічэння божай хвалы. “Ad majoren Dei gloriam”, – як казаў св. Ігнацый Лайёла. Божая хвала павялічваецца ў нашай краіне, дзякуючы ахвярнай працы рэдакцыйнай калегіі і ўсіх неабыякавых людзей. Яны клапоціцца, каб кожны нумар быў выдадзены на найвышэйшым узроўні і своечасова дайшоў да верных адрасатаў. Няхай друкаванае слова далей перамяняе сэрцы сучасных людзей. Няхай Бог благаславіць “Дыялог”, каб не пераставаў рабіць свой пачэсны ўклад у будаванне свету на каштоўнасцях хрысціянскай культуры, уклад у будаванне цывілізацыі Любові. Амэн.

Даклад на тэму «Першыя друкарні на тэрыторыі ВКЛ» можна прачытаць тут>>

для друку для друку