5 прычын правесці 5 хвілін на адарацыі

У нашым календары распісаны абавязкі на кожны дзень. У галаве кружацца бясконцыя спісы спраў да выканання. Мы працуем, робім пакупкі, клапоцімся пра дзяцей. А калі… спыніцца на пяць хвілін?

Вось 5 прычын для 5 хвілін штодзённай глыбокай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту:

1. ЦІШЫНЯ.
Калі мы прыходзім у касцёл на працягу дня, тое, што нас перш за ўсё ўражвае, — цішыня. Гэта такая прастора, дзе мы можам пачуць уласныя думкі. Гэта таксама сітуацыя, якая дапаможа нам маліцца і пачуць тое, што Бог хоча нам паказаць, пра што хоча нам нагадаць, што хоча нам сказаць.

2. АДПАЧЫНАК.
Мы можам аднесціся да 5-хвіліннай адарацыі як формы адпачынку. Гэта час, калі мы можам спакойна сесці ў лаўцы, глядзець на Езуса і хоць на час адпачыць ад паўсядзённых абавязкаў. Святая Тэрэза з Лізьё часам засынала падчас адарацыі ці Ружанца. Кармеліткі абураліся: «Як так можна?». А Малая Тэрэза ўсміхалася: «Я зноў заснула з Панам». Яна часта паўтарала, што «Езус, як добры анестэзіёлаг, укалыхвае, каб вылечыць».

3. ПРЫПЫНАК.
Пяць хвілін — гэта час, калі мы можам спыніцца. Затрымацца на імгненне, сесці, стаць на калені. Затрымайце не толькі нашы ногі, але і нашыя сэрцы, якія бягуць ад праблем, перапоўненыя стрэсам і непакоем. Выключыце на імгненне нашы думкі і засяродзьцеся на малітве.

4. САБРАЦЬ ДУМКІ.
Кароткая адарацыя на працягу дня можа быць месцам і часам, каб сабраць свае думкі. Чаму мы так спяшаемся? Чаго на самай справе хочам дасягнуць? Чаму зноў без прычыны пасварыліся з бацькамі? Чаму мы такія неспакойныя? Гэты час, калі можам спытаць Бога аб шматлікіх рэчах, а таксама шмат Яму сказаць.

5. НАПАМІН.
Пяць хвілін могуць нагадаць нам пра тое, Хто ў нашым жыцці найважнейшы. Зноўку зразумеем: да каго мы можам прыйсці з усімі праблемамі і радасцямі. Штодзённы 5-хвілінны напамін можа быць невялікім рытуалам, пра які заўсёды павінны памятаць.

Па матэрыялах deon.pl
Пераклад catholicnews.by

для друку для друку