Зварот біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на XXХ Дзень кансэкраванага жыцця

Ілюстрацыйнае фота

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, у Касцёле адзначаецца ХХХ Дзень кансэкраванага жыцця. З гэтай нагоды адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB кіруе кансэкраваным асобам свой Зварот.

 

 

 

Зварот біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на XXХ Дзень кансэкраванага жыцця «Прароцтва прысутнасці: кансэкраванае жыццё там, дзе парушаецца годнасць і выпрабоўваецца вера»

 

Дарагія браты і сёстры, асобы, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу ў кансэкраваным служэнні.

У гэты дзень Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце ўзносіць малітву падзякі за дар вашага паклікання. Сёлетняя тэма XXХ Дня кансэкраванага жыцця — «Прароцтва прысутнасці: кансэкраванае жыццё там, дзе парушаецца годнасць, і выпрабоўваецца вера» — асабліва датычыць рэальнасці, у якой знаходзіцца сучасны свет. Яна заклікае нас нанова адкрыць глыбіню і прыгажосць вашай місіі, што з’яўляецца не толькі служэннем, але і сведчаннем, не толькі абавязкам, але і дарам для ўсяго Божага народа.

Мы жывём у такі час, калі чалавечая годнасць часта становіцца мішэнню абыякавасці, несправядлівасці і духоўнай пустэчы. Многія людзі перажываюць унутраныя крызісы, страчваюць надзею, сутыкаюцца з выпрабаваннямі, якія закранаюць самыя глыбокія пласты іх веры, а нават існавання. У такіх абставінах кансэкраванае жыццё становіцца асаблівым знакам Божай блізкасці.

Вы — тыя, хто сваёй прысутнасцю, малітвай і служэннем нагадвае: Бог не пакідае чалавека, нават калі шлях становіцца цёмным, а сэрца — параненым.

Кансэкраванае жыццё — гэта дар прароцтва. Але прароцтва, якое вы нясеце, не гучыць у форме гучных лозунгаў. Яно праяўляецца ў вернай, ціхай, але моцнай прысутнасці там, дзе чалавек патрабуе падтрымкі, суцяшэння і духоўнага суправаджэння. Гэта прароцтва, якое выяўляецца ў здольнасці бачыць боль іншага, уменні слухаць, суперажываць і быць побач. Як вучыць нас Святое Пісанне: «Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (Гал 6,2). Гэтыя словы — сутнасць вашага паклікання і вашай штодзённай ахвярнасці і ахвяры.

Дарагія браты і сёстры, вы шмат робіце для Касцёла і для людзей, якім служыце. Вашая малітва падтрымлівае супольнасці, ваша штодзённая праца ўзмацняе веру, ваша далікатная прысутнасць прыносіць суцяшэнне тым, хто яго шукае. Вы навучаеце, суправаджаеце, падтрымліваеце, дапамагаеце адкрыць Божую любоў тым, хто прагне сустрэчы з Ёю.

Вы — сведкі таго, што Евангелле можа быць бачным і адчувальным у канкрэтных учынках любові, у вернасці абяцанням, у радасці, якая нараджаецца з сустрэчы з Хрыстом.

Сёння, калі свету часта патрэбны не столькі словы, колькі сведкі, ваша прысутнасць становіцца сапраўдным прароцтвам. Вы паказваеце, што Бог дзейнічае праз чалавечыя рукі, праз адкрытае сэрца, праз гатоўнасць служыць. Дзякую вам за вашу адданасць, за вашу ціхую, але надзвычай плённую працу, за вашу вернасць Хрысту і Яго Касцёлу. Дзякую за тое, што стылем свайго жыцця вы паказваеце, як выглядае сапраўдная прысутнасць Бога сярод людзей — прысутнасць, якая лечыць, умацоўвае і дорыць надзею.

Няхай тэма гэтага года натхняе вас на новае адкрыццё прыгажосці вашага паклікання. Няхай яна дапаможа вам заўважаць тыя месцы і сітуацыі, дзе ваша прысутнасць можа стаць крыніцай надзеі, суцяшэння і духоўнага аднаўлення. Няхай вашае служэнне будзе прароцтвам прысутнасці, якое сведчыць, што Божая любоў здольная перамяняць, уздымаць, умацоўваць і аднаўляць чалавечае сэрца.

Няхай Пан Езус, які прыйшоў у свет, каб быць блізка да кожнага чалавека, адорыць вас мудрасцю, радасцю і адвагай. Няхай Марыя, Маці Касцёла і Маці кансэкраваных асобаў, ахоўвае вас і вядзе шляхам вернасці і святасці.

З братэрскай любоўю і благаслаўленнем,

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за Інстытуты Кансэкраванага жыцця і таварыствы Апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

г. Магілёў, свята Ахвяравання Пана, 2 лютага 2026 г.

для друку для друку