Знак жывога Касцёла: кардынала ўразіла ўвага моладзі да канклава

Кардынал Матэа Дзупі

Кардынал Матэа Дзупі здзівіўся шырокай цікавасці моладзі да майскіх выбараў Папы. «Гэта сведчыць пра жыццёвасць Касцёла і заслугу Папы Францішка», — адзначае іерарх.

Арцыбіскуп Балонні і ўдзельнік папскіх выбараў у маі 2025 года расказаў у інтэрв’ю «Corriere della Sera» пра неспадзяваную цікавасць маладых людзей да канклава.

Папа Францішак зрабіў Касцёл зразумелым для моладзі

У маленькай італьянскай вёсцы гаспадыня кавярні папрасіла кардынала сфатаграфавацца для сваёй 14-гадовай дачкі, бо тая была «фанаткай» Дзупі падчас выбараў. «У гэтым узросце я б нават не ведаў імёнаў удзельнікаў канклава, не кажучы пра тое, за каго заўзець», — прызнаўся кардынал. Іншым разам на вакзале група падлеткаў таксама папрасіла фота, кажучы: «Мы за вас заўзелі!»

«Гэта сведчыць пра жыццёвасць Касцёла і заслугу Папы Францішка, які наблізіў Касцёл да ўсіх, калі нават маладая дзяўчына можа цікавіцца тым, што робіць група пажылых мужчын», — адзначыў іерарх, які з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Кожны Папа – адметны голас адной традыцыі

На думку кардынала, дзякуючы Францішку шмат людзей зноў пачалі ставіцца да Касцёла з павагай і любоўю. «Але Францішак не ішоў на саступкі. З ім не было распродажу хрысціянскіх каштоўнасцей. Ён быў вельмі патрабавальны. Ён не быў проста філантропам. Ён вучыў людзей любіць бліжняга. Мы ўсе – браты. Ён дзяліўся любоўю і заклікаў да любові», — падкрэсліў Дзупі.

Італьянскі іерарх таксама адзначыў, што Папа Францішак «больш цікавіўся пачаткам працэсаў, чым стварэннем дасканалай праграмы”. «Наш абавязак іх працягваць. Кожны прымае, дапаўняе, развівае. Традыцыя ніколі не застывае; яна перадаецца, а не замарожваецца. Кожны Папа ўносіць свой уклад. Ян XXIII быў добрым Пантыфікам; ці гэта значыць, што Пій XII быў дрэнным? А Павел VI, волат гісторыі? А Ян Павел II? Кожны з іх прыносіць нешта адметнае, непаўторнае. Францішак і Бэнэдыкт былі рознымі, але яны разам стварылі дакумент – упершыню Папа сказаў: я зрабіў гэта са сваім папярэднікам. І Францішак пачаў так, як жадаў Бэнэдыкт. Мы зразумеем усё толькі ў канцы», — падсумаваў кардынал Дзупі.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку