YOUCAT, або Як перадаць веру маладым

YOUCAT. Сябры, гэты выраз перакладаецца не як «ваш кот», як хтосьці мог бы падумаць. YOUCAT (Youth Catechism of the Catholic Church) – гэта Катэхізіс Каталіцкага Касцёла для моладзі. Выданне новага катэхізіса было прымеркавана да Сусветных Дзён Моладзі, якія прайшлі ў 2011-м годзе ў Мадрыдзе.

Распачаўся ўжо 2015 год, а YOUCAT зноў на хвалі папулярнасці. Гэтаму, несумненна, пасадзейнічала яго выданне на рускую мову і даступнасць у першай каталіцкай інтэрнэт-краме (www.catholicshop.by). Першае, што хочацца сказаць, калі бярэш у рукі YOUCAT – гэта “ваў!” Так, сапраўды, гэта выданне годнае пахвалы:– фарматам набліжанае да сярэдняга (84 × 108 1/32) і мае крыху больш за 300 старонак. Сучасная вёрстка, малюнкі… Але пра ўсё гэта па парадку.

20150110_160102

“Я не буду яго купляць”

Нараджэнню YOUCAT папярэднічаў невялікі канфуз, які меў месца ў 2005 г. у Вене. Кардынал Шэнбёрн рабіў прэзентацыю Кампендыума Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, калі расчараваны журналіст задаў яму наступнае пытанне: «Ваша Эксцэленцыя, я хацеў купіць катэхізіс для маіх дзяцей-падлеткаў, але ён цалкам неспасцігальны для маладых людзей. Я не буду яго купляць». Лічыцца, што ўласна гэтая рэпліка выклікала ўнікальную падзею ў жыцці Царквы.

З’яўленню YOUCAT спрыяла ініцыятыва «знізу», падтрыманая кардыналам Шэнбёрнам, якая перарасла ў нараджэнне моладзевага Катэхізіса Каталіцкага Касцёла! YOUCAT быў апублікаваны ў 2011 годзе на 22 мовах у 50 краінах. 700 000 асобнікаў катэхізіса былі ўкамплектаваныя заплечнікі пілігрымаў Сусветных дзён Моладзі ў Мадрыдзе.

Нараджэнне YOUCAT

 YOUCAT паўстаў па асабістай ініцыятыве чатырох яго аўтараў. Сярод іх два святары: Ёханэс Эльц (Johannes Eltz), у цяперашні час пробашч ў Франкфурце, і доктар Хрысціян Шміт (Christian Schmitt), святар супольнасці «Эмануэль», якая належыць да Мюнстэрскай дыяцэзіі. Два іншых суаўтары – гэта свецкія тэолагі, якія маюць свае сем’і – Бернард Мюсер (Bernard Meuser), дырэктар выдавецтва «Pattloch» і аўтар кніг на духоўныя тэмы, а таксама Мікаэла Герман (Michaela Heereman), журналіст і пісьменнік.

Тое, што робіць YOUCAT унікальным, дык гэта ўклад, які ўнеслі ў яго 52 маладыя супрацоўнікі ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў – католікі і пратэстанты, вучні і студэнты. На працягу двух летнікаў у 2006 і 2007 гадах яны «прааралі» ўвесь Кампендыум Катэхізіса Каталіцкага Касцёла пад кіраўніцтвам згаданых аўтараў. Пяць дзён на тыдзень яны па 6-8 гадзін у дзень чыталі і абмяркоўвалі вучэнне Касцёла ў чатырох тэматычных групах. Іх часта рэзкая крытыка цяжкай тэалагічнай тэрміналогіі, экзістэнцыяльныя пытанні, а таксама іх усё большая цікавасць да тэалогіі натхнялі аўтараў у няпростай справе – перадаць веру Каталіцкага Касцёла маладым людзям у цікавай і прывабнай форме.

Структура YOUCAT

Катэхізіс YOUCAT сваёй структурай паўтарае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, г.зн. мае чатыры часткі: 1. Вызнанне веры; 2. Здзяйсненне хрысціянскай таямніцы (Святая Літургія, з асаблівым вылучэннем сакрамантаў); 3. Жыццё ў Хрысце (прынцыпы хрысціянскага ладу жыцця, выкладзеныя на аснове запаведзяў); 4. Хрысціянская малітва.

Вось так выглядае катэхізіс знутры! Досыць ярка і маляўніча, але з густам і пачуццём меры. Асноўная асаблівасць выдання – гэта палі. На палях «выпісаныя» цытаты з Бібліі, словы святых або хрысціянскіх аўтараў, а таксама важныя акрэсленні (гл. на фота нумар 6).

Інфармацыя традыцыйна пададзена ў форме пытанняў (гл. на фота нумар 1) і адказаў (усяго такіх пытанняў-адказаў у катэхізісе роўна 527). Адказ дзеліцца на дзве часткі: тлустым шрыфтам (нумар 2) выдзелена цытата з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які звычайна выказвае коратка і ясна асноўную думку адказу на пытанне; другая ж частка – гэта больш падрабязныя тлумачэнні, з прыкладамі для лепшага разумення (нумар 3).

Таксама ў канцы адказу могуць быць спасылкі на дадатковыя пытанні з YOUCAT (лічбы ў канцы адказу, гл. на фота нумар 4). Спасылкі на Катэхізіс Каталіцкай Касцёла вылучаныя квадратнымі дужкамі (гл. нумар 5) і знаходзяцца пасля цытаты з яго. У канцы кнігі пададзены індэкс з найбольш важнымі тэрмінамі, якія пералічваюцца разам з нумарамі пытанняў, у каторых сустракаюцца. Гэта вельмі зручна, калі вы шукаеце інфармацыю на пэўную тэму, бо па ключавым слове яе лёгка знойдзеце. Акрамя гэтага, у канцы кнігі змешчаны таксама спіс назваў усіх зафіксаваных у YOUCAT азначэнняў разам з нумарамі адпаведных старонак, дзе іх можна знайсці.

Ну вось, гэта пакуль усё пра YOUCAT. Магу толькі дадаць, што абавязкова трэба выдаць гэты катэхізіс таксама на роднай мове. Для гэтага ўжо ёсць прыклад і падстава – «Кампендый» Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які быў выдадзены ў 2005 годзе па-беларуску.

а. Андрэй Буйніч

P.S. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла для моладзі “YOUCAT. По-русски” можна заказаць у каталіцкай інтэрнэт-краме СatholicShop.by або патэлефанаваць па нумары +375297365307. Кошт кнігі – 149000р.

для друку для друку