На заканчэнне святой Імшы і малітвы “Анёл Панскі”, якія сталі кульмінацыйнымі момантамі Юбілею моладзі, Папа Леў XIV развітаўся з маладымі пілігрымамі, заклікаўшы іх натхняць свет сваім энтузіязмам і верай.
Святы Айцец падзякаваў юнакам і дзяўчатам за ўдзел у Юбілеі, а таксама ўсім, хто спрычыніўся да яго арганізацыі. Асаблівым чынам Пантыфік прывітаў моладзь з Карэі, якая ў 2027 годзе будзе прымаць у сябе маладых католікаў з усяго свету.
Затым Папа даў моладзі апошнія настаўленні. Ён заахвоціў перадаць прывітанне тым маладым людзям, якія не змаглі прыехаць у Рым і прыняць удзел у святкаваннях. “Ёсць месцы, адкуль моладзь, па вядомых прычынах, прыехаць не змагла”, — нагадаў Леў XIV.
“Нясіце гэту радасць, нясіце энтузіязм усяму свету. Вы – соль зямлі і святло свету: перадайце гэта прывітанне ўсім сваім сябрам, усім юнакам і дзяўчатам, якія патрабуюць паслання надзеі”, — сказаў Папа, пажадаўшы маладым пілігрымам шчаслівага вяртання ў іх краіны.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
