Вернікі кітайскай правінцыі павінны рэгістравацца ў дзяржаўным дадатку, каб наведваць набажэнствы

Праваабарончая група, якая працуе ў Кітаі, паведамляе, што вернікі густанаселенай кітайскай правінцыі цяпер павінны рэгістравацца ў дзяржаўным дадатку, каб наведваць набажэнствы.

Амерыканская хрысціянская дабрачынная арганізацыя «ChinaAid» паведаміла, што рэлігійны Дэпартамент урада правінцыі Хэнань разгортвае сістэму, згодна з якой усе вернікі павінны рабіць анлайн браніраванне, перш чым наведваць службы ў цэрквах, мячэцях або будысцкіх храмах, піша CNA.

Браніраванне ажыццяўляецца праз дадатак «Smart Religion», распрацаваны камісіяй па этнічных і рэлігійных справах правінцыі Хэнань. Кандыдаты павінны запоўніць асабістую інфармацыю: імя, нумар тэлефона, дзяржаўны ідэнтыфікацыйны нумар, пастаяннае месца жыхарства, род дзейнасці і дату нараджэння — перш чым яны змогуць зрабіць браніраванне. Тыя, каму дазволена наведваць месца адпраўлення культу, таксама павінны вымераць тэмпературу (гэта азначае, што дадатак можа быць нейкім чынам звязаны з абмежаваннямі COVID-19) і паказаць код браніравання.

Паводле ўрадавага апытання 2012 года, правінцыя Хэнань, размешчаная ва ўсходне-цэнтральнай частцы краіны, мае адну з найбуйнейшых хрысціянскіх груп насельніцтва ў Кітаі — да 6%.

Камуністычны ўрад Кітая афіцыйна з’яўляецца свецкім, і тое ж даследаванне паказала, што толькі 13% з 98 мільёнаў жыхароў Хэнань належаць да арганізаванай рэлігіі.

ChinaAid заявіла, што распрацоўка і рэалізацыя праграмы былі часткай намаганняў камуністычнага ўрада па «строгаму і ўсебаковаму кантролю над рэлігіяй», у тым ліку шляхам збору даных аб верніках. Група таксама выказала занепакоенасць тым, што ўвядзенне гэтага дадатковага бар’ера пазбавіць людзей жадання вызнаваць сваю рэлігію.

CREDO
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку