Ватыканскае выдавецтва: кніга пра душпастырства моладзі

Кніга Наталі Бэкар “Дух Святы ўсё абнаўляе. Душпастырства маладых для моладзі”

Ватыканскае выдавецтва прэзентавала кнігу французскай законніцы Наталі Бэкар “Дух Святы ўсё абнаўляе. Душпастырства маладых для моладзі” – арыгінальны погляд на душпастырства моладзі ў сучасным свеце.

Выданне прысвечана разважанням адносна залучэння новых пакаленняў у жыццё Касцёла і задумана як практычны даведнік для ўсіх, хто жадае зрабіць маладых людзей актыўнымі ўдзельнікамі душпастырства. Прадмову да кнігі напісаў брат Алаіз, прыёр экуменічнай супольнасці Тэзэ.

Канкрэтныя прыклады душпастырскай працы з сучаснай моладдзю, якімі суправаджаецца кніга, натхнёныя вынікамі Сінода Біскупаў 2018 года і паслясінадальнай адгартацыяй Францішка Christus vivit.

Аўтар кнігі, непасрэдная ўдзельніца падрыхтоўкі да ўзгаданай Асамблеі, мае багаты вопыт душпастырскай працы з моладдзю. Яна прапануе арыгінальны, пераасэнсаваны погляд на працу з маладымі людзьмі, дзе цэнтральная роля адводзіцца ім самім.

Гэта тая навізна, якую адкрыў Сінод: маладых людзей трэба ўспрымаць не толькі як рэцыпіентаў душпастрыскай дзейнасці, але і як суб’ектаў жыцця Касцёла нароўні з іншымі ахрышчанымі. Яны, як і ўсе, ахвяруюць свае дары і харызму на карысць будаўніцтва Цела Касцёла і збаўлення свету.

“Гэтая кніга – сапраўдны GPS, здольны натхніць душпастырства на тое, каб адпавядаць цяперашнім пакаленням”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе да кнігі.

Сястра Наталі паказала, што душпастырства, якое ўлічвае культуру і адчувальнасць сучаснай моладзі, застаецца для іх вельмі прыцягальным. Парады, якія дае аўтар кнігі, зыходзяць з патрэб моладзі і грунтуюцца на аспектах, карысных для падтрымкі іх унутранага, духоўнага росту.

Гаворка ідзе, найперш, пра важнасць выслухоўвання, пра патрэбу ў Касцёле, які б увасабляў не толькі інстытут, але і месца жывых стасункаў, пра патрэбу ў творчай і смелай душпастырскай апецы, адпаведнай жыццёвым сітуацыям, у якіх знаходзіцца моладзь, пра неабходнасць кіраўніцтва і рэкамендацый, якія б дапамагалі прымаць добрыя рашэнні, пра важнасць узняцця праблем, якія хвалююць маладых людзей.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку