Урачыстасць вечных манаскіх абяцанняў у супольнасці сэрцанаў у Гродне

27 снежня парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне святкавала ўрачысты момант прыняцця вечных манаскіх абяцанняў паслухмянасці, убоства і чыстасці праз кл. Аляксандра Пятліцкага SCI. У гісторыі беларускага дыстрыкту айцоў сэрцанаў вечная кансэкрацыя ўпершыню адбылася на айчыннай зямлі.

Кл. Аляксандр Пятліцкі нарадзіўся ў 1991 годзе ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія). Сваё жыццё, прысвечанае службе Богу, распачаў першымі манаскімі абяцаннямі ў 2018 г. у Стапніцы (Польшча), дзе знаходзіцца навіцыят польскай правінцыі. У гэтым жа месцы кс. Станіслаў Груца SCI з 30 лістапада па 7 снежня, праз рэкалекцыі ў тэматыцы Божай любові да чалавека, рыхтаваў кандыдатаў ужо да вечнай кансэкрацыі. Галоўнай думкай духоўных разважанняў сталі словы Евангелля паводле св. Яна: ‘’Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае’’ (Ян 3, 16), якія яскрава адлюстроўваюць сэнс духоўнай харызмы сарцанскай супольнасці. Працяг пачатковай фармацыі кл. Аляксандра будзе адбывацца ў Вышэйшай Місійнай Семінарыі ў Стадніках (Польшча), дзе, паглыбляючы тэалагічныя веды, ён будзе рыхтавацца да наступнага кроку на шляху да святарства – пасвячэнню ў ступень дыякана.

Сваё вечныя манаскія абяцанні кл. Аляксандр прыняў перад кс. Янам Этэлем SCI, які на гэты час быў прадстаўніком кс. Славаміра Кнопіка SCI, правінцыяла польскай правінцыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Каб падтрымаць духоўна і раздзяліць з кл. Аляксандрам ягоную радасць прыбылі бліжэйшыя чальцы ягонай сям’і, а таксама браты з сям’і законнай.

кс. Уладзіслаў Чуйко SCI, тэкст
Баляслаў Гавэцкі, фота

для друку для друку