Напрыканцы 1980-х гадоў ксёндз Пятрайціс у нас у Полацку быў чалавекам-легендай. Калі ўсіх, хто свядома гаварыў па-беларуску, яшчэ можна было злічыць па пальцах, калі мой старэйшы сын пытаўся, чаму на нашай мове размаўляюць толькі нашы знаёмыя, пранеслася чутка, што ў блізкім наваколлі з’явіўся беларускамоўны каталіцкі святар, прычым літовец…
Скончыўшы Ковенскую духоўную семінарыю і атрымаўшы святарскае пасвячэнне, малады ксёндз Уладас Пятрайціс прыехаў служыць у Мёры. Тутэйшы касцёл, як, зрэшты, практычна ўсе тагачасныя беларускія касцёлы, быў польскамоўны. Айцец Уладас мог прыняць «традыцыю» і мець, як абсалютная большасць тутэйшага клеру, адносна спакойнае жыцьцё, бо паводле савецкага календара пачыналася перабудова.
Аднак здарылася іншае.
Аналогія з «Марсіянскімі хронікамі» Рэя Брэдбэры будзе, безумоўна, занадта смелай, але жывая беларуская стыхія ваколіц і самога невялікага гарадка колішняй Віленскай губэрніі пачала мяняць светапогляд святара і яго мову.
Калі ў Полацку асвячалі крыж ахвярам сталінскага тэрору, прысутныя ўпершыню ў жыцці пачулі малітвы на беларускай мове.
Пісьменніца Ірына Жарнасек узялася выдаваць разам з Пятрайцісам газету «Голас душы» — адно з першых каталіцкіх выданняў. Ірына напаўжартам паставіла ўмову: возмецца за гэтую справу толькі тады, калі «калега» дасканала авалодае беларускай моваю.
Падчас маёй першай сустрэчы з айцом Уладзіславам, якая адбылася неўзабаве, ён ужо гаварыў па-беларуску — прынамсі, лепей за двух маіх знаёмых народных пісьменнікаў Беларусі.
Шмат хто памятае казанне Пятрайціса пасля рэфэрэндуму 1995 году. Святар з гневам казаў з амбоны, што Пагоня з крыжам Хрыста змененая на зорку сатаны.
Ён пытаўся: што робяць у касцёле людзі, якія галасавалі супроць Крыжа, за сцяг, пад якім зачынялі храмы і вывозілі святароў у Сыбір? Некаторыя з вернікаў разгублена плакалі.
Пятрайціс многае зрабіў упершыню. Распачаў пілігрымкі сваіх парафіянаў да Будслаўскай Маці Божай, паставіў першы на той час у Еўропе помнік ненароджанаму дзіцяці, пакінуў пасля сябе ў Слабодцы на Браслаўшчыне помнік Ефрасіні Полацкай.
Пахаваны ў Мёрах.
Уладзімір Арлоў, svaboda.org
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!