Улады штата Вашынгтон і каталіцкія біскупы дасягнулі пагаднення. Яно абараняе таямніцу споведзі ў межах закона аб абавязковым інфармаванні аб гвалце над дзецьмі.
10 кастрычніка 2025 года ўлады штата Вашынгтон і мясцовыя каталіцкія біскупы заключылі пагадненне ў Федэральным судзе, якое завяршыла судовы працэс адносна новага закона.
Раней біскупы падалі ў суд у адказ на зацвярджэнне законапраекта (Senate Bill 5375), які ўключыў духавенства ў лік асоб, абавязаных паведамляць аб падазрэннях у гвалце над дзецьмі. Праблема заключалася ў тым, што прынятая версія закона не прадугледжвала выключэння для сакрамэнтальнай споведзі, што ставіла святароў перад выбарам паміж парушэннем дзяржаўнага закона і парушэннем касцельнага права адносна таямніцы споведзі.
Паводле пагаднення, зацверджанага акруговым судом Злучаных Штатаў Амерыкі ў Такоме, штат не будзе прымушаць святароў парушаць таямніцу споведзі. Духавенства застаецца ў спісе асоб, абавязаных паведамляць пра гвалт, аднак гэтае патрабаванне не будзе распаўсюджвацца на інфармацыю, атрыманую выключна падчас сакрамэнту пакаяння.
Генеральны пракурор штата Нік Браўн заявіў, што пагадненне “паважае рашэнне суда ў гэтай справе і захоўвае важныя механізмы абароны дзяцей”.
Марк Рыензі, прэзідэнт юрыдычнай фірмы “Becket”, якая прадстаўляла інтарэсы Касцёла, назваў гэта “перамогай рэлігійнай свабоды і здаровага сэнсу”. “Святары ніколі не павінны быць вымушаны рабіць немагчымы выбар: здрадзіць сваім святым абяцанням ці сесці ў турму”, — падкрэсліў ён.
Кожны святар, які слухае споведзь, пад пагрозай вельмі суровых пакаранняў абавязаны захоўваць абсалютную таямніцу адносна грахоў, вызнаных яму пэнітэнтамі.
Такое ж пагадненне ўлады штата Вашынгтон таксама заключылі з Праваслаўнымі Цэрквамі.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!