Папа Рымскі Францішак актыўна заклікае да міру паміж Украінай і Расіяй, запусціў шэраг гуманітарных і міратворчых ініцыятываў. Але ва Украіне ўсё адно заяўляюць, што Ватыкан не можа быць пасярэднікам у вырашэнні канфлікту. Разбіраемся, якія заявы і дзеянні сталі нагодай для такіх рашэнняў.
Папа Францішак ад лютага 2022 года заклікае да спынення ўзброенага канфлікту паміж Расіяй і Украінай, пры гэтым прызнаючы права Кіева на самаабарону.
Ён ініцыяваў велікодныя замірэнні, якія тым не менш не былі рэалізаваныя. Звяртаўся да ўладаў Расіі з нагоды гуманітарных калідораў, але зноў не быў пачуты. З ягонай ініцыятывы кардынал Конрад Краеўскі рэгулярна дастаўляе гуманітарныя грузы ва Украіну, а кардынал Матэа Дзупі наведваў з міратворчай місіяй Кіеў, Маскву і Вашынгтон. У траўні 2023 года са Святым Айцом асабіста сустракаўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які прасіў яго дапамагчы з вяртаннем вывезеных у Расію ўкраінскіх дзяцей. Сам Пантыфік рэгулярна прымае ўкраінскіх грамадзянаў і іерархаў ды заклікае маліцца за «шматпакутны ўкраінскі народ».
«Пасярэдніцкая роля Апостальскай Сталіцы ў спыненні чалавечых пакутаў заслугоўвае высокай ацэнкі», – адзначаў 22 сакавіка 2022 года Зяленскі.
Аднак 8 верасня 2023 года дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв’ю ўкраінскім СМІ заявіў пра прарасійскасць Рымскага біскупа і выключыў мажлівасць яго пасярэдніцтва ў магчымых будучых перамовах паміж Масквой і Кіевам.
«Няма сэнсу казаць пра пасярэдніка пад назвай Папа Рымскі, калі ён займае зусім відавочную ўжо для ўсіх прарасійскую пазіцыю. Гэта было не ў першы раз, але спачатку там неяк усё гэта міксавалася. Гэта значыць, рабілі выгляд, што мы гэтага не бачым, але сёння зразумела, што чалавек займае прарасійскую пазіцыю. І, адпаведна, гэта вельмі негатыўна адбіваецца на вайне», – заявіў Падаляк.
Паводле яго, «ніякай пасярэдніцкай функцыі ў Ватыкана быць не можа, бо гэта будзе функцыя, якая падмане Украіну або справядлівасць».
Што ж стала нагодай для такіх заяваў і змены афіцыйнай рыторыкі ўкраінскіх уладаў?
Супольны крыж
Упершыню даволі істотнае непаразуменне ў стасунках Ватыкана і Украіны здарылася ў красавіку 2022 года. Тады крытыку ўкраінскай грамадскасці і ўладаў выклікала ініцыятыва запрасіць на крыжовую дарогу ў Вялікую пятніцу ў Рыме дзвюх жанчын з Украіны і Расіі, што працуюць у хоспісе ў Італіі. Ідэя заключалася ў тым, каб паказаць, што дзве краіны могуць жыць у міры гэтак жа, як жывуць яны.
Але ва Украіне такі пасыл выклікаў крытыку, бо там чакалі ад Ватыкана асуджэння Расіі, а не ўраўнавання двух варожых бакоў.
«Амбасада Украіны пры Ватыкане разумее і падзяляе агульную занепакоенасць украінскай і многіх іншых супольнасцяў з-за ідэі сабраць разам украінскую і расійскую жанчын, каб несці Крыж падчас пятнічнай Крыжовай Дарогі ў Калізеі», – заявіў украінскі амбасадар Андрэй Юраш.
Спачуваннне – прычына крытыкі
Новая хваля крытыкі закранула Пантыфіка ў жніўні мінулага года. Тады, падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, ён, з аднаго боку, маліўся за мір для «ўмілаванага ўкраінскага народа», а з іншага заявіў: «Я думаю пра тую бедную дзяўчыну, узарваную бомбай, падкладзенай пад сядзенне яе машыны ў Маскве. Нявінныя плацяць за вайну, нявінныя!»
Мелася на ўвазе расійская журналістка і дачка вядомага філосафа-антызаходніка Дар’я Дугіна, аўтамабіль з якой падарваўся 20 жніўня. Сама жанчына актыўна падтрымлівала правядзенне расійскай вайсковай аперацыі ва Украіне і асабіста ездзіла на фронт у якасці вайсковага карэспандэнта.
«Сённяшні выступ Папы засмуціў і прымусіў задумацца пра многае: нельга гаварыць у адных катэгорыях пра агрэсара і ахвяру, гвалтаўніка і згвалтаванага. Як можна назваць аднаго з ідэолагаў імперыялізму нявіннай ахвярай?» – заявіў амбасадар Юраш.
А Міністэрства замежных спраў Украіны выклікала Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Вісвалдаса Кулбокаса, адзначыўшы неразуменне рашэння «Папы Францішка згадаць у кантэксце расійска-ўкраінскай вайны смерць расійскай грамадзянкі на тэрыторыі Расіі, да якой Украіна не мае ніякага дачынення».
У выніку Ватыкан быў змушаны апраўдвацца. Як заявіў рэдакцыйны дырэктар Дыкастэрыі па справах камунікацыі Андрэа Тарніелі, «Папа гаварыў з сэрцам пастыра» і хацеў «падкрэсліць, што нішто ніколі не можа апраўдаць забойства чалавека».
«Словы Святога Айца па гэтым драматычным пытанні павінны разглядацца як голас, узняты ў абарону чалавечага жыцця і звязаных з ім каштоўнасцей, а не як палітычная пазіцыя. Што датычыць шырокамаштабнай вайны ва Украіне, распачатай Расійскай Федэрацыяй, выступленні Святога Айца Францішка ясна і адназначна асуджаюць яе як маральна несправядлівую, непрымальную, варварскую, бессэнсоўную, агідную і святатацкую», – заяўлялася ў адмысловай заяве Святога Пасаду.
«Вы – спадкаемцы вялікай Расіі»
Але праз год сітуацыя паўтарылася. 25 жніўня Папа Францішак падчас тэлемосту звярнуўся да расійскай каталіцкай моладзі, што сабралася ў Санкт-Пецярбурзе: «Вы – спадкаемцы вялікай Расіі: вялікай Расіі святых, кіраўнікоў, вялікай Расіі Пятра I, Кацярыны II, той імперыі – вялікай, асвечанай, [краіны] вялікай культуры і вялікай чалавечнасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны, вы – спадчыннікі вялікай Матухны Расіі, ідзіце наперад з гэтым».
Але гэтая заява са станоўчай згадкай Расійскай імперыі і ейных кіраўнікоў зноў выклікала крытыку ў бок Папы. «Вельмі сумна, што расійскія вялікадзяржаўныя ідэі, якія ўласна і з’яўляюцца прычынай хранічнай агрэсіўнасці Расіі, свядома ці неўсвядомлена зыходзяць з вуснаў Папы Рымскага, місія якога, у нашым разуменні, складаецца менавіта ў тым, каб расплюшчыць вочы расійскай моладзі на дэструктыўны курс цяперашняга кіраўніцтва РФ», – падкрэсліў прэс-сакратар украінскага МЗС Алег Ніколенка.
Са сваімі каментарамі з гэтай нагоды выступілі і кіраўнікі ўкраінскіх католікаў. Гэтак, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў (Шаўчук) заявіў пра небяспеку таго, «што гэтыя словы могуць быць успрынятыя як падтрымка нацыяналізму і імперыялізму, якія сёння выклікалі вайну ва Украіне – вайну, каторая кожны дзень нясе смерць і разбурэнне нашаму народу». А старшыня Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў Віталь Скамароўскі быў перакананы, «што такія непаразуменні выкліканыя адсутнасцю адпаведнага дыялогу паміж Папам і Украінай як на царкоўным, так і на дыпламатычным узроўні. Спадзяёмся, што рэакцыя ўкраінскага грамадства на згаданыя словы дапаможа выправіць сітуацыю цяпер і пазбегнуць непаразуменняў у будучыні».
І зноў Ватыкан быў змушаны апраўдвацца. У Апостальскай нунцыятуры ва Украіне адзначылі, што Папу не так зразумелі, і дадалі: ён «з’яўляецца рашучым праціўнікам і крытыкам любой формы імперыялізму ці каланіялізму ва ўсіх народах і сітуацыях».
«Папа меў намер заахвоціць моладзь захоўваць і развіваць тое добрае, што ёсць у вялікай культурнай і духоўнай расійскай спадчыне, і, вядома, не ўсхваляць імперыялістычную логіку і ўладароў, згаданых для акрэслення пэўных гістарычных перыядаў», – сказаў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду Матэа Бруні.
Дый сам Папа заявіў 4 верасня, што дрэнна сфармуляваў свае думкі. Ён сказаў, што, гаворачы пра вялікую Расію, «меў на ўвазе не столькі геаграфію, колькі культуру», але абраў «не найлепшы спосаб выказаць гэта». «Я не думаў пра імперыялізм, калі казаў гэта», – сказаў Францішак.
Але такія чарговыя заявы Пантыфіка пакінулі свой след ва ўкраінскім грамадстве. 6 верасня падчас сустрэчы з Папам чальцы Сіноду біскупаў УГКЦ распавялі яму, што пэўныя выказванні і жэсты «Апостальскай Сталіцы і Вашай Святасці балючыя і цяжка ўспрымаюцца ўкраінскім народам, які ў гэтыя хвіліны цячэ крывёй у барацьбе за сваю годнасць і незалежнасць». Паводле біскупаў, «расійская прапаганда выкарыстоўвае «рускі свет» для апраўдання і падтрымкі забойчай ідэалогіі, таму вернікі нашай Царквы чуйна ўспрымаюць кожнае слова Вашай Святасці».
Папа зноў запэўніў іх у сваёй салідарнасці, «пастаяннай малітоўнай блізкасці» з украінскім народам. Аднак ва Украіне, падобна, гэтыя словы, прынамсі пакуль, не чуюць. Пра што і сведчаць апошнія заявы Падаляка пра «прарасійскасць» Папы.
Але не толькі Украіна адмаўляцца ад пасярэдніцтва Ватыкана. Не гатовыя да яго і ў Расіі. «Зараз не час», – гэтак, са словаў самога Пантыфіка, напісаў яму міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў у адказ на просьбу наведаць Маскву і сустрэцца з Уладзімірам Пуціным. Апошні, у адрозненне ад Зяленскага, таксама не захацеў сустракацца з папскім пасланнікам кардыналам Дзупі ў чэрвені гэтага года.
Праўда, і казаць пакуль пра пасярэдніцтва не выпадае, бо бакі яшчэ не гатовыя да перамоваў.
Мечыслаў Гапановіч
