27 ліпеня 2023 года было абнародавана відэа, у якім Святы Айцец асабіста агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень. Яна звязана з правядзеннем Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне.
“Калі я іду ў касцёл у сваім раёне, бачу толькі пажылых людзей. Няўжо Касцёл цяпер – гэта выключна занятак для пажылых”, — такое пытанне да Папы гучыць у пачатку відэа. Яго адказ просты: “Калі Касцёл стане клубам для старых, яму наканавана памерці. (…) Моладзь патрэбна Касцёлу, каб не старэць”.
Відэаролік з малітоўнай інтэнцыяй Святога Айца, даручанай усяму Каталіцкаму Касцёлу праз Сусветную малітоўную сетку, у гэтым месяцы быў зроблены ў супрацоўніцтве з Фондам Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне і Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Папа Францішак дае адказы маладым людзям з Філіпін, Бразіліі і Кот-д’Івуара. Гэта пытанні без фільтра: ці не ператвараецца Касцёл у «справу для пажылых”; чаму тэмай Сусветных дзён моладзі была абрана Марыя; чаго сам Папа чакае ад моладзевага форуму ў Партугаліі?
Адказы Пантыфіка вельмі адкрытыя. Ён тлумачыць, што стаўленне Марыі з’яўляецца ўрокам для ўсіх яе равеснікаў, таму што “як толькі яна даведалася, што стане Маці Божай, не стала рабіць сэлфі ці красавацца», а «перш за ўсё паспяшыла служыць, дапамагаць».
У відэа Папа дзеліцца сваёй марай “убачыць у Лісабоне зерне свету будучыні”: свету, у якім любоў – у той час, калі «мы знаходзімся ў стане вайны» – і радасць – «таму што калі ў нас, хрысціян, няма радасці, то мы не заслугоўваем даверу» – займаюць цэнтральнае месца.
“Памолімся, каб Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне дапамаглі маладым людзям вырушыць у шлях і сваім жыццём сведчыць аб Евангеллі”, — агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень Папа Францішак.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!