У Вялікабрытаніі адбываецца трансфармацыя, якая можа мець гістарычнае і духоўнае значэнне: католікі знаходзяцца на парозе таго, каб стаць найбуйнейшай хрысціянскай супольнасцю ў Вялікабрытаніі, абагнаўшы англікан. Калі прагнозы пацвердзяцца, то гэта будзе першы раз з часоў праўлення караля Генрыха VIII у XVI стагоддзі.
Даследаванне аналітычнага цэнтра Theos паказвае, што католікі зараз складаюць 35% хрысціян у Лондане, а англікане — 33%. Гэта невялікая розніца, але відавочная прыкмета тэндэнцыі, якая неўзабаве можа ахапіць усю Вялікабрытанію.
Католікі таксама дэманструюць большую жыццяздольнасць у сваіх рэлігійных практыках. Толькі 11% католікаў кажуць аб тым, што ніколі не моляцца, а сярод англікан гэты працэнт дасягае 36%.
Падобным чынам, калі гаворка ідзе пра наведванне набажэнстваў, 15% католікаў ніколі не наведваюць касцёл, у параўнанні з ашаламляльнымі 45% англікан.
Яшчэ больш прыкметныя змены можна назіраць у Паўночнай Ірландыі. Перапіс насельніцтва 2021 года паказаў гістарычны прарыў: 45,7% — католікі, а 43,4% — пратэстанты.
Каталіцызм таксама аказваецца больш прывабным сярод моладзі — колькасць маладых католікаў больш чым удвая перавышае колькасць маладых англікан.
Чаму каталіцызм расце?
Ёсць некалькі крыніц гэтай з’явы:
- Міграцыя: многія католікі прыязджаюць у Вялікабрытанію з Польшчы, Літвы, Украіны, а таксама з Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
- Парафіяльнае жыццё: каталіцкія супольнасці застаюцца актыўнымі і маладыя людзі часцей знаходзяць у іх месца для сваёй веры.
- Англіканскі крызіс: Англіканская Царква змагаецца з усё большай секулярызацыяй, дактрынальнай неадназначнасцю і масавым зыходам вернікаў.
Хутка, верагодна, адбудуцца значныя змены — каталіцызм упершыню за стагоддзі стане найбуйнейшай хрысціянскай канфесіяй у Вялікабрытаніі. Гэта падзея з’яўляецца часткай больш шырокага працэсу: колькасць хрысціян па ўсёй Еўропе скарачаецца, а колькасць няверуючых і мусульман расце.
Калі не ўлічваць статыстычнае саперніцтва паміж католікамі і англіканамі, цяжка знайсці якія-небудзь станоўчыя бакі ў цяперашняй сітуацыі. Сацыяльная роля Англіканскай царквы рэзка зніжаецца — ажно 73% брытанцаў прызнаюць, што яна не адыгрывае ніякай ролі ў іх паўсядзённым жыцці. Можна дадаць, што для большасці гэтых рэспандэнтаў не толькі Англіканская Царква, але і хрысціянства ў цэлым, верагодна, зусім не адыгрывае ніякай ролі ў жыцці большасці гэтых рэспандэнтаў.
Што азначае гэтая змена?
Нягледзячы на тое, што прагназаваныя зрухі маюць статыстычнае вымярэнне, іх значэнне значна глыбейшае. Яны азначаюць адыход ад традыцыйных рэлігійных мадэляў, якія фармавалі брытанскую культуру стагоддзямі. У той жа час яны паказваюць, што каталіцызм — нягледзячы на агульны крызіс веры ў Еўропе — больш жыццяздольны, таму што будучы ўніверсальнай рэлігіяй, ён падарожнічае разам са сваімі вернікамі. Як вядома, Вялікабрытанія сёння з’яўляецца краінай-мішэнню для многіх мігрантаў.
Магчыма, гэта адзін са «знакаў часу»: напамін пра тое, што Касцёл, хоць часта і знаходзіцца ў меншасці, захоўвае здольнасць выжыць і нават абнаўляцца, прыносячы надзею ў сэрцы грамадстваў.
pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
