У публічным галасаванні, праведзеным брытанскім часопісам «DJ Mag», партугальскі дыджэй айцец Гільерма Пейшута заняў 79-е месца. Як «падрэ Гільерма», ён выступаў перад мільёнамі гледачоў на такіх мерапрыемствах, як Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне. Спіс 100 самых папулярных дыджэяў у свеце быў апублікаваны ўвечары 6 кастрычніка на Ібіцы.
Нямецкае анлайн-выданне часопіса ахарактарызавала 52-гадовага дыджэя як аднаго з самых незвычайных дэбютантаў у сёлетнім спісе: «Каталіцкі святар з Партугаліі спалучае сваю рэлігійную дзейнасць з міжнароднай кар’ерай дыджэя і тэхна. У сваіх творах ён таксама спрабуе перадаць пасланні адзінства і духоўнасці».
Айцец Гільерма Пейшута — святар партугальскай дыяцэзіі Брагі. Ён служыў ваенным капеланам у Афганістане і Косава. Падчас пандэміі COVID-19 ён пачаў рэгулярна праводзіць прамыя трансляцыі ў сацыяльных сетках, падчас якіх граў электронную і тэхна-музыку для сваіх парафіян. Такім чынам, ён хацеў падняць ім настрой у цяжкі час ізаляцыі. Яго тэхна-музыка заснавана на цытатах з папскіх тэкстаў, малітвах і іншым рэлігійным змесце. Падчас сустрэчы ў 2019 годзе Папа Францішак благаславіў навушнікі айца Пейшута.
Дыджэй, які выступае ў каларатцы, стаў вядомы шырокай аўдыторыі падчас Сусветных дзён моладзі 2023 года ў Лісабоне. Там ён выступіў перад прыблізна 1,5 мільёнамі маладых людзей перад ранішняй святой Імшой, якую ў канцы сустрэчы правёў Папа Францішак. З таго часу айцец Пейшута таксама ўсё часцей выступае на міжнароднай сцэне, напрыклад, на фестывалях, мерапрыемствах і ў клубах. У студзені 2025 года ён выступіў перад статуяй Хрыста Збаўцы ў Рыа-дэ-Жанейра. У красавіку гэтага года ён ушанаваў памяць памерлага аргентынскага Папы канцэртам у цэнтры Буэнас-Айрэса. Толькі ў Instagram партугальскі святар-дыджэй мае каля 3,5 мільёна падпісчыкаў.
misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!