У Паўночнай Еўропе расце цікавасць да хрысціянства

с. Ганна Мірыям Кашнер CPS

«У моцна секулярызаванай Паўночнай Еўропе расце цікавасць да хрысціянства» -, адзначыла сястра Ганна Мірыям Кашнер CPS, генеральны сакратар Канферэнцыі скандынаўскіх біскупаў.

Сярод тых, хто шукае веру, шмат маладых людзей, людзей з вышэйшай адукацыяй і сем’яў, якія жадаюць прыняць хрост. «Расце новая адкрытасць да пытанняў веры», — напісала сястра ў «Herder Korrespondenz».

Вера як свядомы выбар

Сястра Кашнер падкрэсліла, што гаворка ідзе не пра вяртанне да былой пабожнасці. Вера перастала быць спадчынным элементам культуры і для многіх яна становіцца свядомым і асабістым рашэннем. «Магчыма, цяпер мы перажываем канец культурнага хрысціянства і ў той жа час зноўку адкрываем тое, пра што хрысціянства заўсёды казала: аб свабодным адказе чалавека на заклік Бога», – сказала яна.

На думку законніцы, тых, хто шукае веру, таксама прыцягвае супольнасць і прыгажосць Літургіі: цішыня, музыка, ладан і сімвалы. Аднак яна папярэдзіла, што «толькі прыгажосці недастаткова», калі яна не вядзе да сустрэчы з Хрыстом, прысутным у Слове і сакрамантах.

Сястра Кашнер звярнула ўвагу і на тое, што нельга казаць пра рэлігійнае адраджэнне. «Колькасць навяртанняў і хросту сярод дарослых занадта малая для гэтага», — адзначыла яна. Аднак, на яе думку, будучыня веры больш залежыць ад таго, ці сустрэнуць людзі Хрыста і даверацца Яму, чым ад сацыяльнага становішча Касцёла.

misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку