У Навагрудку адбудзецца малітоўнае чуванне ў інтэнцыі выбару новага Пантыфіка

6-7 мая ў Навагрудку адбудзецца малітоўнае чуванне-адарацыя ў інтэнцыі новай галавы Каталіцкага Касцёла. На адарацыю запрашаецца кожны, хто неабыякава ставіцца да выбару Папы Рымскага ў гэты, так вельмі важны, ключавы момант!

Малітва аб выбары новага Пантыфіка мае вялікае значэнне для вернікаў-католікаў, таму што ён з’яўляецца бачным сімвалам адзінства сям’і дзяцей Божых, галавой гэтай сям’і і намеснікам Хрыста на Зямлі. Святы Айцец мае вялікае значэнне ў вызначэнні духоўнага і маральнага вектару Касцёла, інтэрпрэтацыі вучэння Хрыста і ўсяго Святога Пісання, а таксама вялікую ролю ў захаванні адзінства паміж вернікамі. Малітва, якая будзе ўзносіцца на працягу ўсёй ночы і дня будзе таксама ў інтэнцыі кардыналаў, аб дары Духа Мудрасці для іх падчас выбару.

У гэты час выбару Паўсюдны Касцёл праяўляе малітоўнае адзінства і салідарнасць ва ўсім свеце, яднае духоўна католікаў і паказвае, што рашэнні прымаюцца не толькі чалавечымі поглядамі, але перш за ўсё Божай воляй. Таму Касцёл, натхнёны верай, што сам Дух Святы духоўна клапоціцца пра гэты выбар.

Падчас адарацыі будзем маліцца, каб новы наступнік святога Апостала Пятра меў непахісную веру і адвагу вырашаць сучасныя праблемы Касцёла і свету, адказваць на выклікі цяперашняга неспакойнага часу і мужна весці народ Божы да збаўлення ў Хрысце.

 Праграма адарацыі:

19.30 – прыезд і вячэра
20.15 – увядзенне ў малітву (праводзіць кс. Тадэвуш Крыштопік)
21.00 – св. Імша
22.00 – Адарацыя
07.00 – св. Імша на завяршэнне начной адарацыі і на заканчэнне спеў “Цябе Бога праслаўляем”
08.00 -18.00 – працяг адарацыі ў капліцы Св. Духа ў рэкалекцыйным доме св. Арханёла Міхала ў Навагрудку

Каб запісацца з іншых парафій і мясцовасцей на начлег і пасілкі, неабходна тэлефанаваць па нумару +37544 771-99-83 Марына

для друку для друку