Ёсць у Беларусі месцы, дзе Божая прысутнасць адчуваецца асаблівым чынам. Адно з іх – Будслаў. У невялічкую мясцовасць сцякаюцца пілігрымы з розных куткоў, каб падзяліцца з Нябеснай Матуляй клопатамі і турботамі, папрасіць дапамогі, падзякаваць за жыццёвы досвед.
Папрасіць благаслаўлення на новы навучальны год, а таксама падзякаваць за 15 год актыўнай дзейнасці сваёй навучальнай ўстановы вырашылі таксама студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля. 6 верасня разам з дырэктарам і выкладчыкамі студэнты і выпускнікі прыехалі ў санктуарый на ўрачыстую святую Імшу, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Сонечнае святло прабівалася праз шыбы касцёла, напаўняючы святыню асаблівай прыгажосцю, якая дапамагала адарвацца ад штодзённых клопатаў і праблем, адчуць Божы дотык. Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту папярэднічала святой Імшы. Глыбокія тэксты разважанняў дапамаглі задумацца над уласным жыццём, асэнсаваць многія рэчы, а песні праслаўлення нагадвалі пра Божую веліч, дабрыню і міласэрнасць.
Падчас ружанцовай малітвы прысутныя ахвяравалі Маці Божай Будслаўскай свае планы, намеры і надзеі, папрасілі аб дапамозе і апецы. Паклапаціліся студэнты і выпускнікі таксама пра чысціню сумлення, прыступіўшы да сакраманту пакаяння.
Святая Імша стала галоўным момантам святочнага дня. Студэнты старанна падрыхтавалі літургію Слова і працэсію з дарамі. А спевы гурта “Verbum Dei” узбуджалі ў сэрцы шчырыя інтэнцыі. Падчас гаміліі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі закрануў тэму адоранасці і талентаў, заклікаўшы навучэнцаў правільна выкарыстоўваць дары, якія яны атрымалі ад Усемагутнага. Звярнуўся арцыбіскуп і да асобы Маці Божай, якая дапамагае сваім дзецям ва ўсіх справах і праблемах, а таксама нагадаў, што і сёння мы ўдзельнічаем у першай лекцыі ў новым навучальным годзе ў “школе Марыі”.
Казанне іерарх скончыў алегорыяй, якая прымусіла задумацца многіх: “Бог дае вецер. І чалавек павінен адважыцца ўмела распусціць свае ветразі”.
У другой частцы інаўгурацыі дырэктар каледжа ксёндз-канонік Ян Крэміс прадставіў прысутным двух новых выкладчыкаў – ксяндза Паўла Федаровіча MIC і ксяндза Юзафа Сярпейку, якія нядаўна былі прызначаны арцыбіскупам Юзафам. Ксёндз Павел Федаровіч МІС выступіў з інаўгурацыйным дакладам на тэму апостальскай адгартацыі “Verbum domini” Святога Айца Бенедыкта XVI. Пасля гэтага новыя выкладчыкі атрымалі дэкрэты і склалі, прапісанае кананічным правам перад пачаткам служэння, Вызнанне веры.
Важнае месца на мерапрыемстве было адведзена першакурснікам. Зусім нядаўна яны здалі экзамены і далучыліся да студэнцкай кагорты. Мітрапаліт ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў новым навучэнцам заліковыя кніжкі і падарункі.
Былі сярод першакурснікаў прадстаўнікі розных пакаленняў: і моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту, і старэйшыя асобы. Аб’ядноўвала іх адно – жаданне паглыбіць рэлігійныя веды, а сваё духоўнае жыццё зрабіць больш асэнсаваным і глыбокім.
Вераніка Пучко паходзіць з парафіі Маці Божай Латэранскай у Мінску. Першакурсніцы 37 год, і яна працуе настаўніцай англійскай мовы ў адной са сталічных школ:
-Маё жаданне паступіць у тэалагічны каледж нарадзілася з глыбокага імкнення пазнаць Бога і Касцёл. Хочацца здабываць веды, паглыбляць іх і фарміраваць сэрца, адкрытае на Божую волю і патрэбы іншых.
Юрый Лукашэвіч не так даўно далучыўся да Каталіцкага Касцёла. Аднак амаль адразу з’явілася жаданне паглыбляць і сістэматызаваць веды пра Бога і Касцёл. Навучэнец спадзяецца, што праграма тэалагічнага каледжа дапаможа дасягнуць вызначаных мэт.
Вольга Волчэк доўгі час належала да пратэстанцкай супольнасці. Аднак, наведаўшы аднойчы святую Імшу ў касцёле, адчула, што менавіта тут яе месца.
-Пачуўшы запрашэнне мітрапаліта Юзафа Станеўскага падчас Будслаўскага фэста, вырашыла паспрабаваць, бо ў гэтым убачыла сваё пакліканне,- зазначае першакурсніца.
“Не бойцеся!” – гэты заклік неаднойчы можна сустрэць у Святым Пісанні. Так Хрыстус заклікае адмовіцца ад хваляванняў і сумненняў. Навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа станоўча адказалі на гэты заклік, даказаўшы, што ўзрост, пол, сацыяльны статус і іншыя акалічнасці не з’яўляюцца перашкодай для паглыблення духоўнага жыцця і больш грунтоўнага знаёмства з хрысціянскімі праўдамі і каштоўнасцямі.
Марта Венславовіч
Фота аўтара
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!























