У Лёзне на святой Імшы замест аргана гучыць карнэт

У парафіі Святога Падрэ Піа ў Лёзне няма арганіста. Але затое ёсць свой музыка на духавых інструментах.

Знаёмцеся – спадар Ігар Лакотка. Кожную нядзелю ён прыязджае за 15 км на св. Імшу ў Лёзненскую парафію і акампанементам на карнэце дапамагае парафіянам вывучаць новыя і ўдасканальваць добра вядомыя спевы. Пробашч парафіі кс. Аляксей Ляшко гаворыць: “Спачатку я спытаўся ў спадара Ігара, ці мог бы ён іграць на Імшы на клавішным інструменце. Але яму зручней было на карнэце. Усё-такі ён выкладчык музычнай школы. Я вельмі рады, што сп. Ігар пагадзіўся іграць. Літургія з музычным суправаджэннем выглядае больш урачыстай”.

Пасля св. Імшы падыходжу да музыкі, каб паразмаўляць з ім пра музыку ў касцёле. Ён якраз абмяркоўвае з парафіянамі спевы на наступную нядзелю. Гэта ўжо будзе перыяд Вялікага Посту, таму трэба падрыхтавацца да новых мелодый.

Пытаюся ў Ігара пра яго новы від занятасці. На што ён адказвае: “Ведаеце, для мяне касцельная музыка – гэта нешта зусім новае. Спевы адрозніваюцца ад свецкіх твораў не толькі самім зместам, але і кампазіцыяй. Зусім іншая мелодыка. Я з радасцю пагадзіўся іграць на святой Імшы, таму што бачу: парафіянам не стае дакладнасці ў выкананні спеваў. Большасць з іх не ведае нотаў, а хочацца, каб спевы гучалі правільна”.

На маё пытанне, ці даўно Ігар ходзіць у касцёл, ён шчыра адказвае: “Мяне пахрысцілі ў Ідолцкім касцёле ў свядомым узросце ў 1969 годзе. З таго часу жыццё мяне закруціла, і я толькі і памятаў малітву “Ойча наш”. Вось цяпер пачаў успамінаць свае карані і пакрысе спазнаваць каталіцкую традыцыю. Я моцна веру, што малітва верніка мае вялікую моц. Так не раз адбывалася са мною. У экстрэмальных сітуацыях заўсёды маліўся малітвай “Ойча наш”, якой мяне навучыла мая цёця. Лічу, што гэтая малітва і апека Анёла-Ахоўніка выратоўвалі мяне, калі трапляў у бяду”.

“Што найбольш складанага ў касцельнай музыцы?” – пытаюся. “Напэўна, тое, што людзі любяць зацягваць спевы. Я па нотах бачу, што тэмп павінен быць іншы. Бывае і так, што калядныя спевы, якія па сваім характары вельмі жывыя і радасныя, гучаць у выкананні парафіян вельмі распеўна. Мне ж як духаўніку, звыкламу да аркестраў, хочацца вытрымліваць больш хуткі тэмп з вывераным тактам. Але мы спраўляемся”.

“Ці цяжка іграць на карнэце?” – пытаюся. Ігар з усмешкай адказвае: “Ну, вы можаце паспрабаваць, але ў вас нічога не атрымаецца. Па-першае, інструмент ужо астыў, яго трэба сагрэць сваім дыханнем”. Ігар бярэ ў рукі латунны інструмент і пачынае дзьмухаць у яго, каб той сагрэўся. “Затым неабходна мець правільную пастаноўку вуснаў і дыханне. Без гэтых элементаў іграць на духавым інструменце немагчыма. Хоць у карнэце і ёсць усяго тры клавішы”.

З інструмента ліецца мелодыя. “Гэта фактычна арган, толькі з адным рэгістрам”, – падумалася мне. Парафію ў Лёзне пакідаю з прыемнымі ўспамінамі. Радасна, што людзі імкнуцца да касцёла, знаходзяць сваю дарогу да Бога нават у старэйшым узросце. Ніколі не позна ўспомніць пра свае вытокі. Ніколі не позна ўвайсці ў парафіяльную супольнасць. А раптам менавіта мяне якраз там не хапае?! А можа, мае таленты сёння вельмі патрэбныя Богу і людзям?

кс. Віктар Місевіч

для друку для друку