Такую статыстыку прывёў біскуп Рэйк’явіка Давід Тэнцэр OFMCap.
Пра гэта ён распавёў у гутарцы з карэспандэнтамі каталіцкага партала catholic.by.
Ісландыя – пратэстанцкая краіна, усяго ў ёй пражывае 310 тысяч чалавек. З іх католікі складаюць каля 13 тысяч. Але саміх ісландцаў толькі тры тысячы, астатнія дзесяць – гэта імігранты.
Таму па словах іерарха, Касцёл у Ісландыі вельмі малады і дынамічны, пажылых людзей у касцёле на Імшы вельмі няшмат. За год у іх бывае каля 20 пахаванняў, у той час як хростаў — 120.
Касцёл у Ісландыі аб’яднаны ў сем парафій, большасць вернікаў-імігрантаў паходзяць з Польшчы. Таму біскуп Давід добра валодае польскай мовай. Вывучыць яе для яго не было складанай справай, бо сам ён паходзіць са Славакіі.
Наогул, Імша ў ісландскім касцёле праходзіць не толькі па-ісландску, але і па-польску, па-іспанску, па-англійску і нават па-літоўску.
Зміцер Лупач, паводле catholic.by
