У Ірландыі дэпутата парламента, які падтрымаў легалізацыю абортаў, не дапусцілі да Камуніі.
Парафіяльны каталіцкі святар Джон Хоган адмовіўся даць Камунію дэпутату Роберту Трою падчас Імшы на пахаванні 4 студзеня ў царкве Святога Мікалая ў вёсцы Малціфарнем, паведамляе Churchmilitant.com.
Раней дэпутат паведаміў прэсе, што галасаваў за легалізацыю абортаў на рэферэндуме ў траўні 2018 года. Трой і а. Джон адмовіліся каментаваць журналістам тое, што адбылося.
З 2018 года ў Ірландыі праводзіцца рэформа, накіраваная на легалізацыю абортаў. На рэферэндуме за яе прагаласавалі больш за 66% выбаршчыкаў. Галасаваннем былі ўнесены змены ў артыкул Канстытуцыі Ірландыі, якая прызнавала раўназначнымі права на жыццё маці і ненароджанага дзіцяці.
Каталіцкі Касцёл выступае супраць адмены папраўкі. У краіне неаднаразова праходзілі акцыі пратэсту прыхільнікаў і праціўнікаў легалізацыі абортаў.
