30 мая, пасля ўрачыстых лінеек у школах, адзінаццацікласнікі сабраліся ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім перад алтаром Пана, каб падзякаваць Богу за 11 год вучобы і прасіць аб Божым бласлаўленні на далейшы жыццёвы шлях, які распачынаюць.
Яшчэ перад пачаткам Літургіі мясцовы пробашч кс. Мікалай Ціхановіч запрасіў выпускнікоў і бацькоў да сакраманту пакаяння, каб змаглі ачысціць свае сэрцы і паяднацца з Госпадам, бо «споведзі не трэба баяцца, яе трэба любіць».
У гаміліі святар даў настаўленне выпускнікам: «Вы знаходзіцеся ў вельмі прыгожым узросце, але складаным для вас саміх. Чаму? Ваш перыяд першых крокаў самастойнага жыцця адзначаецца ўплывам равеснікаў. Вельмі часта глядзіце, як робяць іншыя, думаем і залежым ад меркаванняў іншых. Будзьце гатовыя да ўсяго і ніколі не будзьце залежныя ад меркавання іншай асобы. Вы павінны настойліва ісці за тым, што ў вашым сэрцы, што можаце ў жыцці асягнуць тое, што для вас ёсць добрым. Ні прафесію, ні жыццёвы шлях вам не павінны выбіраць бацькі, настаўнікі ці ксёндз — ніхто. Гэта ваш жыццёвы выбар. Вы павінны раіцца з бацькамі, але канкрэтны выбар заўсёды за вамі. Выпрацоўвайце ў сабе настойліваць – рысу веруючага чалавека, які ведае чаго хоча ў жыцці. Скірую да вас тры важныя думкі:
- Думайце пра сябе, шукайце праўды, якая будзе задавальняць вас і прыносіць дабро.
- Умейце перажываць «абломы». Калі будуць цяжкасці, не апускайце рукі, але рабіце вынікі з гэтага. Шлях хрысціяніна – гэта ўпадкі і «абломы». Іх успрымайце як Божую педагогіку.
- Ніколі не губляйце сувязі з мамай і татам, нягледзячы на тое, якія сёння маеце адносіны. Што б ні здарылася, менавіта ў моманты цяжкасцяў, не шукайце дапамогі ад равеснікаў – гэта памылка. Звяртайцеся да бацькоў і трымайцеся іх. Шануйце і цаніце тое, што атрымалі ў сям’і».
На заканчэнне Імшы пробашч Мікалай акрапіў святой вадой выпускнікоў і ўдзяліў бласлаўленне, пасля якога бацькі звярнуліся да святара са шчырымі словамі ўдзячнасці за малітву, прыклад і духоўнае выхаванне дзяцей на працягу многіх гадоў.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!















