26 снежня 2024 года ў доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны адбыўся ўпершыню Фестываль батлеек, бо апошнія гады традыцыйна пасля свята Божага Нараджэння праводзіўся менавіта конкурс калядных прадстаўленняў.
Каб прадставіць свае батлейкі на конкурс сабраліся 7 парафій з усёй дыяцэзіі: парафія св. Антонія (Віцебск), парафія св. Уладзіслава (Віцебск), парафія Святой Тройцы (Глыбокае), парафія Маці Божай Фацімскай (Шуміліна), парафія св. Антонія (Талачын), парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Наваполацк), валанцёры Карытас Віцебскай дыяцэзіі пры падтрымцы парафіі Езуса Міласэрнага (Віцебск).
На пачатку фестывалю батлейкі ўсіх прысутных прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарх нагадаў, што Божае Нараджэнне гэта найлепшы час, каб дзяліцца радасцю. І менавіта дзеля гэтага мы тут сабраліся. Пасля чаго ўсе разам памаліліся і атрымалі біскупскае благаслаўленне.
Першымі выступілі ўдзельнікі з парафіі св. Антонія ў Віцебску. Містэрыя пад назвай «Адвечнае і сучаснае праслаўленне Бога-Дзіцяці» імкнулася з’яднаць усе пакаленні ў паэтычнай форме. Народныя спевы ў выкананні старэйшага пакалення і калядны вершы ў выкананні дзяцей – гэта смелае памкненне, каб прадэманстраваць і падкрэсліць – свята Божага Нараджэння яднае ўсіх: старэйшых і малодшых, бабуль і ўнукаў, бацькоў ды іх дзетак.
Парафія св. Уладзіслава (Віцебск) прадставіла спектакль пад назвай “Першае Божае Нараджэнне”. Трое маленькіх сяброў з 21 стагоддзя пераносяцца ў Бэтлеем і назіраюць за падзеямі, якія адбыліся больш чым 2000 год таму назад. А што яны там убачылі, маленькія акцёры расказалі і паказалі гледачам.
Наступнымі сваю сцэнку «Святая ноч» прадставілі ўдзельнікі з парафіі Маці Божай Фацімскай (Шуміліна). Дзеткі паказалі, як сустракаюць Езуса, дзеляцца гэтай навіной з рознымі людзьмі.
Пасля кароткага перапынку чаргу выступаў працягнула парафія св. Антонія з Талачына. Самыя адважныя прадстаўнікі свайго горада заспявалі калядны спеў, аўтарам тэксту якога з’яўляецца Марына Баразда. Пад яе кіраўніцтвам яны рыхтаваліся і паказалі, што ў іх атрымалася.
Глыбоцкая моладзь з парафіі Святой Тройцы распавяла пра «Прыгоды дзяўчынкі Яны ў ноч Божага Нараджэння».
Валанцёры Карытас Віцебскай дыяцэзіі пры падтрымцы парафіі Езуса Міласэрнага (Віцебск) прадставілі сапраўдную батлейку пад назвай «Бэтлеемскі цуд». Гледачы ўдзельнічалі ў падзеях гэтай Святой ночы, радаваліся разам з пастухамі, пакланяліся з каралямі і сустрэліся нават з грозным каралём Ірадам у яго палацы.
Дзеці з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса з Наваполацка расказалі і паказалі, што самы каштоўны і найпрыгажэйшы дар, які можам ахвяраваць Езусу, гэта наша сэрца. Аўтарам сцэнкі з’яўляецца Ірына Жарнасек.
Кожная парафія атрымала падарункі: дыплом удзельніка, кнігі ад выдавецтва “Тэхналогія” з Мінска і салодкі падарунак ад ДКТ “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі.
На заканчэнне конкурсу біскуп Алег Буткевіч падзякаваў удзельнікам, арганізатарам і спонсарам і даў усім прысутным пастырскае благаслаўленне на шчаслівае вяртанне дамоў.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
Вялікі фотарэпартаж па спасылцы>>
