12 кастрычніка, у дзень свята Маці Божай з Апарэсіды, апякункі Бразіліі, у гэтай краіне адбылося ўрачыстае адкрыццё вялізнай фігуры Маці Божай.
Адкрыццё фігуры суправаджалася святой Імшой і феерверкам.
Стальная фігура вагой 400 тон і вышынёй 50 метраў была ўстаноўлена ў раёне Ітагуачу, у трох кіламетрах ад нацыянальнага санкутарыя ў Апарэсідзе.
Фігура Маці Божай стала адным з самых высокіх рэлігійных помнікаў такога кшталту не толькі ў Бразіліі, але і ў свеце. Хутчэй за ўсё, яна стане яшчэ адной турыстычнай цікавосткай Апарэсіды.
Скульптар Гілмар Піна дагэтуль не скончыў усю працу над статуяй, яна працягнецца яшчэ год.
Маці Божая з Апарэсіды.
Менавіта ў Ітагуачу ў XVIII стагоддзі ў рацэ Параіба была знойдзена фігура Маці Божай, якая дала пачатак сённяшняму санктуарыю. Невялікая фігурка Беззаганнай Марыі вышынёй усяго 39 см. зроблена з тэракоты — добра ачышчанай і абпаленай гліны.
Яе выляпіў каля 1650 года манах бэнэдыктынец брат Аўгустын ад Езуса. Першапачаткова фігурка Марыі была пакрыта паліхроміяй, якая сцерлася пасля шматгадовага знаходжання фігуры ў водах ракі Параіба, адкуль у другой палове кастрычніка 1717 года яе вылавілі рыбакі з Гаранцігэта, мясцовасці, якая знаходзіцца на палове дарогі паміж Рыа-дэ-Жанэйра і Сан-Паўлу.
Паколькі фігура як быццам нечакана ўзнікла з вады, мясцовыя жыхары сталі называць яе Aparecida — «тая, што з’явілася».
На працягу доўгіх гадоў на фігуру Маці Божай з Апарэсіды аказвалі ўздзеянне дым ад свечак і алейных лампад, менавіта ад гэтага фігура стала амаль чорнай.
Па матэрыялах deon.pl
Пераклад Марыны Ткач
Фота: Itatiaia/YouTube
