У Беларусі змяняюць закон пра рэлігію. Да чаго варта рыхтавацца, калі яго прымуць?

У Беларусі рыхтуюцца змены ў закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Грамадскае абмеркаванне законапраекта завяршылася 15 чэрвеня, а ўжо ў верасні дакумент мусіць трапіць у Палату прадстаўнікоў. Свае заўвагі да яго аднымі з першых скіравалі каталіцкія біскупы Беларусі.

У тлумачэнні неабходнасці прыняцця зменаў Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак заявіў, што робіцца гэта «з улікам практыкі яго ўжывання», у сувязі са зменамі ў Канстытуцыі і з мэтай замацавання «новых сучасных падыходаў». І хоць ён запэўнівае, што прыняцце закона «не пацягне негатыўных сацыяльных … наступстваў», Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ) мяркуе, што рэлігійныя арганізацыі «могуць сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі пры выкананні некаторых навел прапанаванага законапраекту, што магло б ускладніць дынаміку дзяржаўна-канфесійных адносін у нашай дзяржаве».

Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацыяў

Законапраект сярод іншага змяняе ўмовы дзейнасці і рэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў. У прыватнасці, ён абвяшчае абавязковай умовай стварэння рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання дзейнасць не менш як на працягу 30 гадоў на тэрыторыі Беларусі хоць бы адной рэлігійнай суполкі, каторая ўваходзіць у яго склад, а таксама наяўнасць у абʼяднанні не менш як 15 рэлігійных суполак ва ўсіх абласцях і Мінску. Раней было дастаткова 20 гадоў і 10 суполак у большасці абласцей.

Прыняцце новай версіі закона прадугледжвае перарэгістрацыю ўсіх рэлігійных арганізацый цягам года. Ёсць верагоднасць, што не ўсе з іх могуць гэтую перарэгістрацыю прайсці. Пры гэтым асабліва падкрэсліваецца, што дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацый «забараняецца». А кіраваць рэлігійнай арганізацыяй цяпер зможа толькі грамадзянін Беларусі, які не мае дачынення «да тэрарыстычнай, экстрэмісцкай дзейнасці» і пастаянна пражывае ў краіне.

Праект закона сярод іншага забараняе выкарыстанне ў месцах набажэнстваў любой сімволікі, акрамя рэлігійнай, і дзейнасць рэлігійных арганізацый, накіраваную супраць суверэнітэту Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды. Таксама культавая маёмасць рэлігійных арганізацый не можа выкарыстоўвацца «ў палітычных мэтах, а таксама тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці». А ў пералік выпадкаў, пры якіх рэлігійную арганізацыю могуць ліквідаваць, уключаная неадпаведнасць яе дзейнасці асноўным напрамкам унутранай і вонкавай палітыкі краіны, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Ды і сам упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў надзяляецца правам самастойна прыпыняць дзейнасць рэлігійнай арганізацыі.

Дадатковы кантроль

Прапануецца ў законе і норма аб стварэнні мясцовымі ўладамі камісіяў па кантролі рэлігійных арганізацыяў, а таксама права правядзення імі адпаведных праверак.

«Незразумела, у чым складаецца настолькі істотнае адрозненне рэлігійнай дзейнасці ад дзейнасці ў галіне культуры, спорту або турызму, што на яе не могуць распаўсюджвацца агульныя для ўсіх нормы, якія рэгулююць кантрольную (наглядную) дзейнасць, і чаму праверкі і маніторынг у сферы рэлігіі мусяць ажыццяўляцца паводле асаблівых правілаў», – задаюцца пытаннем каталіцкія біскупы.

Акрамя таго, у ККББ сумняваюцца ў наяўнасці ў кожным раёне дастатковай колькасці кампетэнтных у рэлігійных пытаннях асобаў. Таксама там лічаць «залішнім і неканструктыўным» права чыноўнікаў «без запрашэння або ўзгаднення» зʼяўляцца на рэлігійныя мерапрыемствы, рэлігійныя абрады або ў нядзельныя школы.

Пры гэтым біскупы заклікаюць вызваліць святароў і семінарыстаў ад прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ды дазволіць рэлігійным арганізацыям не аплачваць паслугі за правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Спісы вучняў нядзельных школ

У дакуменце падрабязна апісаны парадак стварэння і функцыянавання нядзельных школ і груп асветы для дарослых, змест праграмаў якіх «не павінен супярэчыць ідэалогіі агульнапрызнаных традыцыйных каштоўнасцяў беларускай дзяржавы».

«Гэта дазволіць больш эфектыўна кантраляваць дзейнасць нядзельных рэлігійных школ рэлігійных арганізацый і ў той жа час мець звесткі пра іх фактычную працу», – тлумачыць упаўнаважаны Румак.

Сярод іншага, нядзельныя школы мусяць стварацца на падставе пісьмовых заяваў бацькоў. Каталіцкія біскупы не выключаюць, што ў выніку можа зʼявіцца абавязак вядзення пайменных спісаў дзяцей, якія навучаюцца рэлігіі, а затым спісы могуць запатрабаваць чыноўнікі. А гэта «цягне за сабой значнае змяненне абʼёму правоў і абавязкаў вернікаў у бок іх абмежавання». Агулам, заяўляюць у ККББ, ствараецца сітуацыя, калі «фундаментальнае права на навучанне дзяцей рэлігіі можа быць рэалізаванае толькі за кошт адмовы як дарослых, так і дзяцей ад фундаментальнага права на ананімнасць вернікаў». Больш за тое, нацыянальныя меншасці пазбаўляюцца права вучыцца рэлігіі на роднай мове.

Не згодныя біскупы і з тым, што дакумент не лічыць рэлігійную асвету адукацыйнай дзейнасцю, але пры гэтым патрабуе штогод падаваць мясцовым уладам інфармацыю «аб дзейнасці па рэлігійнай асвеце дзяцей, якія наведваюць нядзельныя рэлігійныя школы ў парадку і складзе, вызначаным Міністэрствам адукацыі».

Таксама «забараняецца распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры па-за культавымі будынкамі», як і яе паступленне ў бібліятэкі ўстановаў адукацыі.

«Узнікае пытанне: ці будуць адбывацца канфіскацыі Бібліяў, Каранаў і іншых святых кніг з універсітэцкіх бібліятэк?» – гаворыцца ў заўвагах каталіцкіх біскупаў.

Крытыкуюць не толькі католікі

Свае заўвагі на Прававым форуме Беларусі пакінулі і іншыя рэлігійныя арганізацыі, як, напрыклад, Гродзенская і Віцебская епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У прыватнасці, прадстаўнікі БПЦ адзначылі, што некаторыя фармулёўкі дакумента ўзятыя «з савецкіх атэістычных дапаможнікаў». А абавязак таго, каб дзейнасць рэлігійнай арганізацыі адпавядала напрамкам унутранай і вонкавай палітыкі дзяржавы, «супярэчыць прынцыпам аддзялення царквы ад дзяржавы і свецкаму характару апошняй», – заявілі яны.

Крытыкуюць праваслаўныя і забарону рэлігійным арганізацыям арандаваць памяшканні ва ўсіх, хто займаецца адукацыйнай дзейнасцю, бо гэта «можа паставіць у цяжкае становішча як сельскія прыходы, так і маладыя гарадскія абшчыны».

Праект закона прапануе таксама дазволіць місіянерскую дзейнасць толькі ў будынках і на ўчастках рэлігійных арганізацыяў, у месцах паломніцтва, забараніўшы яе ў тым ліку ў жылых памяшканнях.

«З пераліку дазволеных для місіянерскіх казанняў месцаў фактычна выключаецца публічная прастора, тэрыторыя іншых не рэлігійных арганізацый, сфера прыватнага ўзаемадзеяння святароў з грамадзянамі і грамадзян паміж сабой, што супярэчыць самому прынцыпу свабоды веравызнання», – адзначылі прадстаўнікі БПЦ на форуме.

А як у суседзяў?

Пры падрыхтоўцы законапраекта вывучаліся законы далёкіх ад Беларусі – і геаграфічна, і рэлігійна – Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. Але, апроч Расіі, не браўся досвед суседніх краін, узаемадзеянне якіх з Беларуссю налічвае не адно стагоддзе.

Напрыклад, калі ў Беларусі плануецца заканадаўча забараніць дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў, то ў законе Літвы «Пра рэлігійныя грамады і супольнасці» дзяржаўная рэгістрацыя з’яўляецца не абавязкам, а правам. Больш за тое, «рэлігійныя суполкі і супольнасці маюць права на вольную самаарганізацыю ў адпаведнасці са сваёй іерархічнай і інстытуцыйнай структурай, самастойна згодна са сваімі канонамі, статутамі і іншымі нормамі распараджацца сваім унутраным жыццём». А ў беларускім законапраекце прапісаная нават «наяўнасць выбарнага органу кіравання рэлігійнага аб’яднання», што ў сітуацыі з каталіцкімі дыяцэзіямі, якімі мусяць аднаасобна кіраваць прызначаныя Папам Рымскім біскупы, робіць для католікаў «гэтую норму невыканальнай», – заяўляюць у ККББ.

У Літве вольнае адпраўленне рэлігійных абрадаў і культавых цырымоній ажыццяўляецца не толькі ў культавых будынках і вакол іх, але і ў дамах і кватэрах грамадзян, у памяшканнях для развітання з целам нябожчыка, на могілках і ў крэматорыях. А таксама, па просьбах вернікаў, у шпіталях, вязніцах, пансіянатах, вайсковых частках, школах. Ды і рэлігійнае навучанне можа весціся не толькі ў нядзельных школах пры парафіях, але і ў дзяржаўных і недзяржаўных вучэбна-выхаваўчых установах.

Значна прасцейшыя ў суседняй Літве і законы пра рэгістрацыю рэлігійных аб’яднанняў. Для гэтага дастаткова дзвюх суполак, а не 10, як гэта цяпер у Беларусі, ці 15, як гэта плануецца зрабіць. Колькасць асобаў, неабходная для рэгістрацыі абшчыны, таксама меншая – 15 супраць 20.

У пытаннях дабрачыннасці беларускі законапраект прадугледжвае, што рэлігійныя арганізацыі могуць ствараць юрыдычныя асобы і структурныя падраздзяленні толькі па аказанні сацыяльных паслуг пажылым грамадзянам, інвалідам, сацыяльнай рэабілітацыі грамадзян, залежных ад псіхаактыўных рэчываў або «дзіцячыя дамы па ўзгадненні з адпаведным абласным або Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам». У Літве падобных абмежаванняў няма, больш за тое, прапісана, што рэлігійныя арганізацыі нават могуць ствараць лякарні ды іншыя «дабрачынныя ўстановы і арганізацыі». Няма ў літоўскім законе ні слова і пра «рэлігіязнаўчую экспертызу» рэлігійнай літаратуры.

Што цяпер?

Як стала вядома рэдакцыі «Каталіцкага Весніка», заўвагі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі былі ўжо перададзеныя Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандру Румаку. Таксама на тэму гэтых змяненняў у законе неаднаразова размаўляў з упаўнаважаным Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч. Уздымаў гэтае пытанне падчас нядаўняга візіту ў Беларусь спецыяльны пасланнік Папы Францішка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Апроч Румака, ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам і старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Турчыным.

Сам жа план падрыхтоўкі законапраекта прадугледжвае, што ён у верасні мусіць трапіць у Палату прадстаўнікоў. Калі яна яго ўхваліць, дакумент паступіць у Савет Рэспублікі і пасля зацвярджэння апошнім трапіць на падпісанне Аляксандрам Лукашэнкам.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку