У Бараўлянах адбылося ўрачыстае завяршэнне года фармацыі для духавенства Беларусі

20 кастрычніка 2025 года ў прыходскім доме парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах прайшло ўрачыстае завяршэнне іннавацыйнай фармацыйнай праграмы па павышэнні кампетэнцый духавенства Беларусі.

Праграма, што цягам усяго года аб’ядноўвала святароў і манаскіх асобаў, стала прасторай інтэнсіўнага супрацоўніцтва і духоўнага росту. Удзельнікі бралі ўдзел у сустрэчах і канферэнцыях у галіне менеджменту, псіхалогіі, кананічнага і грамадзянскага права і этыкі, а таксама працавалі ў групах, ператвараючы атрыманыя веды ў канкрэтныя душпастырскія рашэнні і інструменты.

На выніковай канферэнцыі ўдзельнікі прадставілі ўласныя праекты, якія сталі адлюстраваннем новага бачання і творчага падыходу ў душпастырскай працы. Сярод прадстаўленых ініцыятыў — «Ацэнка стану і дзейнасці рэлігійнай супольнасці», «Пілігрымка», «Смелыя жанчыны», «Вакацыі з Богам» і «Каталіцкая моладзь у сталіцы». Кожная прэзентацыя стала падставай для жывога абмеркавання, абмену вопытам і ўзаемнага натхнення.

Кульмінацыяй дня стала ўручэнне памятных знакаў выпускнікам праграмы. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, віншуючы ўдзельнікаў, падкрэсліў значэнне бесперапыннай фармацыі і пажадаў, каб атрыманыя веды “сталі жывым досведам у душпастырскай дзейнасці і прынеслі шчодры плён для Касцёла ў Беларусі”.

Спатканне завяршылася Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Св. Імша стала асаблівым момантам падзякі Богу за дар супольнага шляху, за ўсе сустрэчы і малітвы. Падчас гаміліі біскуп адзначыў, што сапраўдная фармацыя святароў і кансэкраваных асобаў не зводзіцца толькі да інтэлектуальнага развіцця, але перш за ўсё вядзе да духоўнага сталення і паглыблення асабістай сувязі з Хрыстом.

Ён падкрэсліў, што менавіта малітва, узаемная падтрымка і вернасць пакліканню робяць служэнне плённым і сведчаннем жывога Касцёла. «Няхай усё, што вы атрымалі падчас гэтай праграмы, стане святлом для тых, каму вы служыце, і знакам Божай прысутнасці ў свеце», — сказаў біскуп, звяртаючыся да ўдзельнікаў.

Падчас Эўхарыстыі ўдзельнікі праграмы разам дзякавалі Пану за Яго прысутнасць у іх служэнні, за сілу веры і адзінства, што ўзраслі ў супрацоўніцтве і братэрстве. Гучала шчырая малітва за тое, каб атрыманыя веды і духоўны вопыт прынеслі плён у парафіях, супольнасцях і ва ўсім Касцёле ў Беларусі.

Арганізатары рыхтуюць новы цыкл фармацыйнай праграмы, скіраваны да святароў і кансэкраваных асобаў, якія імкнуцца паглыбіць сваю кампетэнтнасць і служыць Касцёлу, адказваючы на выклікі сучаснасці.

Уладзіслаў Зарэцкі ASC, Рэлігійная каталіцкая місія «Таварыства Святога Францішка Сальскага»

для друку для друку