22 кастрычніка ў кавярні культурна-рэлігійнага цэнтра катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына “А святло вечнае няхай ім свеціць”. У прымеркаванай да дня ўспаміну святога Яна Паўла II імпрэзе, як заўсёды, актыўны ўдзел узялі вернікі парафіяльных супольнасцяў Віцебска.
Грунтоўным уступным словам пра раннехрысціянскую каталіцкую пахавальную абраднасць распачаў мерапрыемства пробашч парафіі ксёндз Валеры Марціноўскі. Парафіянін Васіль Мядзюха, ён жа і вядоўца вечарыны, распавёў пра ролю Яна Паўла II у аднаўленні касцёла ў Беларусі. Парафіянін Францішак Сіўко – пра асобу ксяндза-паэта Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлі), які з’яўляецца аўтарам першага беларускага рэлігійнага гімна “Божа, што калісь народы…”, а ў 1919-1921 гг. быў пробашчам у Сянне і пахаваны на тамтэйшых могілках. Парафіянка грэка-каталіцкай парафіі Наталля Плешчанка кранула прысутных расповедам пра свайго бацьку. Як заўсёды, парадаваў майстэрскім дэкламаваннем твораў беларускіх паэтаў Алег Рудзько. А адмыслова запрошаная на імпрэзу паэтка Алена Гінько – чытаннем уласных вершаў у суправаджэнні згадак пра блізкіх людзей. Вядомы мастак Вячаслаў Шамшур, аўтар партрэта Яна Паўла II, што ўпрыгожвае інтэр’ер канферэнц-залы нашае плябаніі, гэтым разам зрабіў новы падарунак, прэзентаваў касцёлу партрэт Папы пэндзля дачкі мастака Жанны. Хораша аздабляў мерапрыемства цудоўнымі спевамі парафіяльны хор пар кіраўніцтвам сястры Ёнашы.
Вечарына прайшла ў сяброўскай, цёплай атмасферы і надоўга застанецца ў памяці ўдзельнікаў.
Ф. Дубраўскі
