“Трапіць у Неба на зямлі”: Баль усіх святых прайшоў у мінскай парафіі

Вось ужо шосты раз айцы хрыстусоўцы разам з сёстрамі назарэтанкамі арганізоўваюць “Баль усіх святых” для сваіх парафіянаў.

15 студзеня бацькі і іх дзеці сустрэліся ва ўтульным памяшканні парафіі Маці Божай Будслаўскай, каб разам весяліцца, спяваць, танцаваць і праслаўляць Пана Бога.

Трэба сказаць, што за шэсць год баль стаўся мерапрыемствам, якое аб’ядноўвае сем’і. Бацькі і іх дзеці не проста прыходзяць на імпрэзу, але і рыхтуюць вобразы розных святых, перад гэтым даведаўшыся іх біяграфіі.

Тэма сёлетняга балю стала “Нараджэнне Хрыста было такім…”

Удзельнікаў чакала насычаная праграма. Свята распачалося з прывітальнага слова пробашча парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыя Кольбэ, айца Алега Шпеца, супольнага спявання калядак, а таксама прагляду музычнай пастаноўкі, якую падрыхтавала парафіяльная моладзь.

Праграму працягнулі танцы, гульні, забавы і латарэя. А напрыканцы кожнага ўдзельніка чакала “смс-ка ад Святога” – картка з выбітнай цытатай, а таксама салодкі падарунак.

Атмасфера радасці, братэрства і адзінства панавала на працягу ўсяго мерапрыемства.

Удзельнікі балю падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Дар’я Еўсікава:

Мы з дзецьмi ўжо шосты раз прымаем удзел у «Балі ўсіх святых». Гэтым разам праграма была скарочаная, але дзеці ўсё роўна засталіся вельмі задаволеныя — наша ўдзячнасць арганізатарам! Пранікнёнай атрымалася моладзевая пастаноўка, так прыгожа сыгралі, што я ледзь не расплакалася. Якія ж таленавітыя нашыя парафіяне!

Мы з дзецьмі звычайна рыхтуемся да балю загадзя, шыем касцюмы. Сабе я вырашыла выбраць больш-менш сучасную святую і проста набрала ў пошуку запыт «святыя 19-га стагоддзя». І гартаючы спіс пабачыла раптам сярод манахінь кароткую характарыстыку: «бласлаўлёная Альжбета Каноры Мора, жонка і маці» — тое што трэба! Даведалася, што ўсё жыццё яна малілася за навяртанне сужонка і вымаліла такі: пасля яе смерці лёгкадумны муж стаў францішканінам! Вельмі моцны прыклад трывалай веры і малітвы, калі браць пад увагу абставіны лёсу гэтага сужэнства.

Пераглядаем фота і чакаем новай магчымасці трапіць «у Неба на зямлі» .

Данік, Яраслаў, Рыта Петрашкевічы:

Мы прыйшлі на баль усёй сям’ёй. Данік удзельнічаў у 5 раз, Рыта — чацвёрты, наш маленькі брацік Рома — першы.

Нам падабаецца баль, бо цікава выбіраць святога і рыхтаваць касцюм. Сюды прыходзяць нашыя сябры і мы весялімся разам і праслаўляем Госпада.

Мы з братам выбралі касцюмы пастушкоў, бо яны першыя прыйшлі прывітаць нованароджанага Збаўцу. А Рыце падабаецца святая Жасінта. Рома (3,5 гады) быў маленькім анёлкам.

Вельмі спадабаліся танцы, салодкі стол, а таксама атмасфера лёгкасці і радасці.

Алена Русецкая:

У Балі ўсіх святых я ўдзельнічала другі раз. Пачуўшы ўпершыню пра мерапрыемства, я ўяўляла яго як вясёлую імпрэзу для дзяцей, таму ў мінулым годзе прыйшла без касцюма святога, была проста матуляй для сваіх дзвюх дачок-анёлкаў. Свята тады мяне вельмі ўразіла. Дзеці з бацькамі, разам са святарамі і сёстрамі ў прыгожых і незвычайных касцюмах разам спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў конкурсах, разам частаваліся. Было бачна, што ўдзельнікі зусім не хацелі разыходзіцца, а жадалі прабываць у гэтай сапраўднай хрысціянскай радасці і еднасці далей.

Прачытаўшы аб’яву пра Баль усіх святых у гэтым годзе, я вельмі ўзрадавалася. Вырашыла, што пойдзем з сям’ёю абавязкова. Доўга вагалася, ці зноў быць проста матуляй, ці ўсё ж такі выбраць вобраз святой. Шчыра кажучы, сумнявалася, што паспею падрыхтаваць адпаведны касцюм. У апошні момант вырашыла выкарыстаць гатовую чырвоную доўгую сукенку і шэрую шаль са свайго гардэроба. Падумала, што буду падобная да жанчыны часоў Езуса. Тады прыйшлі думкі, што магу быць Марыяй Магдаленай, бо менавіта ў чырвонай сукенцы я сустракала яе вобраз на іконах. Гэта думка мне спадабалася, бо жыццё святой у маім бачанні дакладна дзеліцца на дзве часткі: да сустрэчы з Езусам і пасля. Другая частка была адзначана моцнай любоўю, вернасцю, апостальскай руплівасцю і адданасцю служэнню, без кампрамісу з грахом. Гэтыя цноты я б вельмі хацела наследаваць, а прыклад жыцця святой дае моцную надзею на магчымасць перамены жыцця для кожнага чалавека.

Сёлетні баль мяне асабіста запомніўся атмасферай шчырай радасці і свабоды, цеплыні з боку іншых удзельнікаў. Вядома, так было і ў папярэднім годзе!

Але сёлета я  перайшла з ролі назіральніка да ролі ўдзельніка, таму не проста ўбачыла моц і радасць еднасці хрысціян, а іх перажыла.

Гэтыя пачуцці яшчэ доўга будуць трываць у сэрцы.

Цешуся быць часткай такой парафіі і бясконца дзякую Богу за суполкі дзяцей, моладзі, дарослых, за іх служэнне, за іх прыклад, за цудоўных, неверагодных ксяндзоў і сясцёр законных, бо тое, што яны робяць для нас, з’яўляецца сапраўдныя вялікім цудам Божай прысутнасці  і Божай любові!

Кацярына Ваяводская:

У Балі мы ўдзельнічаем другі раз. Мерапрыемства незвычайнае — новы фармат сямейнай актыўнасці, які прываблівае атмасферай узаемнай дабрыні, цеплыні і любові.

Хачу шчыра прызнацца, што была спакуса не пайсці, бо нашаму малодшаму сыну Багдану толькі 4,5 месяцы, ды яшчэ трэба было ў кароткія тэрміны прыдумаць вобразы і зрабіць касцюмы. Але пасля сямейнай малітвы аб распазнанні Божай волі, мы вырашылі пайсці. Вялікую ролю ў прыняцці рашэння адыграла тое, што баль арганізоўвала наша парафія. Нашыя святары і сёстры заўсёды на пазітыве і маюць жаданне паказаць, што Бог любіць кожнага з нас.

Сёння я ў вобразе святой Ядвігі Каралевы Польскай. Чаму? Бо яна была вядомая сваёй дыпламатычнасцю і выдатна вяла перамовы. Таксама святая Ядвіга была вельмі пабожная, займалася распаўсюджваннем Божага слова, была фундатарам касцёлаў. Апроч гэтага яе хваляваў лёс і інтарэсы падданых.

У гэтым годзе больш за ўсё запомнілася сцэнка пра Нараджэнне Езуса Хрыста, аздобленая спевам у цудоўным выкананні Ані Лукомскай. Кранальна да слёз. Вялікі дзякуй усім акторам і рэжысёру.

Уразіла атмасфера, цікавыя вобразы святых. Здавалася б, месца ў залі не так шмат, але было па-сямейнаму ўтульна і вельмі весела. А самае галоўнае — мы былі разам, усёй сям’ёй.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Фота ўдзельнікаў балю

для друку для друку